Атака амаль 500 дронаў паралізавала працу аэрапортаў Масквы
- 14.10.2026, 12:17
Затрымана або адменена больш за 500 рэйсаў.
З вечара 13 кастрычніка з-за масіраванай атакі ўкраінскіх беспілотнікаў на Маскву былі затрыманыя або адмененыя больш за паўтысячы авіярэйсаў. Пасля 22:00 Расавіяцыя ўвяла абмежаванні на прыём і адпраўку самалётаў ва ўсіх чатырох аэрапортах сталічнага авіявузла: Дамадзедава, Шарамецьева, Жукоўскім і Внукава. Пры гэтым апошні быў закрыты больш за 8 гадзін. Усіх пасажыраў вярнулі ў тэрмінал. Кіраўніцтва аэрапорта паведаміла, што ім надалі ваду і кілімкі.
Толькі ў Внукава і Шарамецьева з 22:00 аўторка было затрымана 410 рэйсаў і 137 адменена, падлічылі «Осторожно, новости». Праз абмежаванні дзясяткі самалётаў перанакіравалі ў іншыя аэрапорты, у тым ліку ў пецярбургскі аэрапорт Пулкава. Адзін з лайнераў, што следаваў з Егіпта ў Маскву, быў вымушаны здзейсніць пасадку ў сталіцы Беларусі — Мінску.
У Шарамецьева затрымалі 119 рэйсаў на вылёт і 123 на прылёт. Яшчэ 45 вылётаў і 47 прылётаў адмянілі. У Внукава затрымалі 82 рэйсы на вылёт і 86 на прылёт, а адмянілі 45.
Мэр Масквы Сяргей Сабянін паведаміў, што з 20:00 аўторка да 7:00 серады Узброеныя сілы Украіны запусцілі ў бок сталіцы 493 беспілотнікі. Паводле яго слоў, большая частка гэтых БПЛА «была нейтралізаваная сіламі СПА на далёкіх падступах», 180 дронаў знішчылі непасрэдна на падлёце да Масквы.
Гэта ўжо другі працяглы прыпынак працы сталічных аэрапортаў з-за ўкраінскіх атак за апошні тыдзень. Мінулы раз сталічныя аэрапорты не працавалі некалькі гадзін 9 кастрычніка. Тады прызямліцца ў Маскве не змог нават прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, які вяртаўся з саміту СНД у Туркменістане. Чатыры ўрадавыя борты ўпершыню з пачатку вайны супраць Украіны былі вымушаныя выконваць манеўры ў зоне чакання паблізу сталіцы. У выніку самалёт з нумарам 96025 пайшоў на запасны аэрадром у Санкт-Пецярбург і вылецеў у Маскву толькі праз пэўны час. Пуцін 8 кастрычніка сышоў у Туркменістане з трапа менавіта гэтага лайнера.