BE RU EN

Лукашэнка адчувае дзве пагрозы

  • Віталь Цыганкоў
  • 14.10.2026, 12:18

З чым звязана «міралюбства» дыктатара.

Лукашэнка правёў чарговую нараду з сілавікамі, дзе, сярод іншага, заявіў: «Мы павінны быць гатовыя да самага негатыўнага для нас сцэнару. А гэтыя сцэнарыі намі пралічаныя, вядомыя. Але нельга дапусціць новага вітка агрэсіі. Сёння гэта нікому не патрэбна. Не павінна быць з нашага боку такіх дзеянняў, якія расцэньваліся б як агрэсія».

Чарговая «міралюбная» заява? Учора ён казаў, што трэба сябраваць з суседзямі. Аднак, у сваім стылі, кажучы падчас адной нарады часам зусім супрацьлеглыя рэчы, ён запатрабаваў быць гатовымі да найгоршага сцэнару, распавядаў пра ўмацаваныя раёны на заходняй мяжы, якія войскі павінны заняць на працягу сутак, і падкрэсліў неабходнасць рыхтавацца да магчымых дзеянняў з боку суседзяў.

Дык што гэта не такая ўжо зусім мірная рыторыка. Хутчэй, гэта жаданне выглядаць не патэнцыйным агрэсарам, а чалавекам, які вымушаны абараняцца.

На мой погляд, Лукашэнка не столькі раптам стаў «мірным», колькі спрабуе сумясціць дзве задачы: дэманстраваць гатоўнасць да вайны і адначасова пераканаць суседзяў, што Беларусь не збіраецца пачынаць яе першай.

Я не раз выказваў меркаванне, што для Лукашэнкі ўступленне беларускіх войскаў у вайну азначае палітычнае самагубства. Не толькі таму, што большасць народа гэтага не падтрымае, але і таму, што незразумела, якімі будуць палітычныя наступствы, як павядзе сябе армія, як павядзе сябе Захад, наколькі жорсткімі могуць быць санкцыі і наогул негатыўныя наступствы перш за ўсё для ўлады Лукашэнкі.

Лукашэнка можа адчуваць адначасова дзве пагрозы: з аднаго боку, рызыка канфлікту з суседзямі (магчыма, ён прыкідваецца, а магчыма, сапраўды бачыць у гэтым пагрозу), з другога — небяспека таго, што Масква захоча яшчэ глыбей уцягнуць Беларусь у вайну.

Ён не можа адкрыта выступіць супраць Пуціна, але можа спрабаваць паказаць, што беларускія ўзброеныя сілы павінны быць гатовыя абараняць краіну (забяспечваць тыл Расіі, як гэта тлумачыць Лукашэнка), а не абавязкова ўдзельнічаць у расійскіх наступальных аперацыях. Здаецца, усе гэтыя гады яму ўдавалася пераконваць Пуціна, што непасрэднае ўступленне Беларусі ў вайну нявыгадна перш за ўсё самому Крамлю, бо, маўляў, створыць больш новых праблем, чым прынясе якія-небудзь плюсы.

Так што можна сказаць, што Лукашэнка не абавязкова стаў больш міралюбівым. Ён, хутчэй, спрабуе вырашыць адразу некалькі складаных задач: прадэманстраваць Маскве гатоўнасць да вайны, суседзям — адсутнасць намераў нападаць, а беларускаму грамадству — што ўлады кантралююць сітуацыю, а неба застаецца «мірным». Гэта, аднак, не дае ніякай гарантыі, што Беларусь не будзе ўцягнутая ў далейшую эскалацыю.

Віталь Цыганкоў, Telegram

Апошнія навіны