BE RU EN

Філосаф патлумачыў, як шукаць і знаходзіць індывідуальны сэнс жыцця

  • 14.10.2026, 16:36

На прыкладзе рамана Камю.

Мерсо, галоўнага героя рамана Альбера Камю «Старонні», звычайна лічаць чалавекам, які ясна ўсведамляе абсурднасць быцця. Філосаф Том Хамер з Кардыфскага ўніверсітэта (Вялікабрытанія) дапусціў, што ўсё ўладкавана складаней, піша «Нож».

Паводле Камю, абсурд складаецца з двух элементаў. Першы — адсутнасць адзінага, загадзя зададзенага сэнсу жыцця. Другі — непераадольная патрэба чалавека знайсці асабісты сэнс. Хамер удакладняе, што, разважаючы, як Камю, насамрэч прызнаваць абсурднасць быцця — значыць утрымліваць у свядомасці абодва аспекты адначасова. Спробу ўратавацца ад гэтага напружання Камю называў «філасофскім самагубствам».

Хамер лічыць, што Мерсо на працягу амаль усяго рамана ўспрымае ўсё навокал толькі праз прызму агульнай бяссэнсоўнасці жыцця. Так, герой не робіць выгляду, што кахае Мары, не прыкідваецца, што хоча павышэння, не смуткуе на пахаванні маці. Пры гэтым, на думку Тома Хамера, у такой шчырасці ёсць адваротны бок: Мерсо не проста не знаходзіць сябе, ён не жадае, каб быццё было ўладкавана інакш.

«У адрозненне ад навакольных, яго самога, здаецца, мала хвалюе той сэнс, якога, на ягоную думку, няма ў чалавечым жыцці», — разважае аўтар артыкула.

А значыць, паводле Камю, разуменне абсурду ў Мерсо застаецца няпоўным, як бы цвяроза ён ні глядзеў на свет. Паводле гіпотэзы Хамера, патрэба ў асабістым сэнсе прачынаецца ў душы героя толькі ў фінале, ужо ў турэмнай камеры. Тады, піша філосаф, Мерсо пачынае адчуваць пяшчоту да маці, якая перад смерцю ў доме састарэлых была гатовая «пачаць жыццё нанова», і прызнаецца, што і сам хацеў бы пражыць жыццё яшчэ раз, хоць і без усялякай надзеі на лепшае.

Для Хамера гэта і ёсць першая сапраўдная ўспышка асэнсаванасці, якая прыходзіць, калі дзейнічаць ужо немагчыма. Адсюль, паводле яго трактоўкі рамана, і пачуццё віны Мерсо перад смяротным пакараннем — не маральная віна за забойства, а экзістэнцыйная віна за тое, што ён упусціў магчымасць пабудаваць свой асабісты сэнс.

Камю, згодна з разважаннямі Хамера, прапаноўваў чытачу альтэрнатыўны шлях: не ратавацца ад бяссэнсоўнага жыцця ў «коўдры» мімалётных асалод і самаразбурэння, а бунтаваць і тварыць.

Апошнія навіны