Трамп гуляе з Пуціным у «рускую рулетку»
На шкоду ўласнай партыі.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп актывізаваў збліжэнне з расійскім дыктатарам Уладзімірам Пуціным напярэдадні прамежкавых выбараў у Кангрэс, што стварае дадатковыя праблемы для Рэспубліканскай партыі. Пра гэта піша Axios.
Выданне нагадвае, што пасля тэлефоннай размовы з Пуціным у пятніцу Трамп цягам пяці дзён пайшоў на шэраг дыпламатычных саступак Расіі. У прыватнасці, ён абвясціў пра дамоўленасць аб прыпыненні санкцый і дазволе на экспарт мільёнаў тон расійскага дызельнага паліва.
У суботу амерыканскі прэзідэнт раскрытыкаваў Уладзіміра Зяленскага за ўдары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах і запатрабаваў змены ўкраінскага лідара. На наступны дзень Трамп нечакана абвясціў пра неадкладнае энергетычнае перамір’е, аднак Расія працягнула атакаваць украінскую энергетычную інфраструктуру.
У панядзелак ён таксама адхіліў паведамленні разведкі пра дапамогу Расіі Ірану ў яго ваенных дзеяннях. А ў аўторак ізноў выступіў у абарону пагаднення адносна дызельнага паліва, нягледзячы на асцярогі, што атрыманыя сродкі будуць падсілкоўваць расійскую ваенную машыну.
«Выгоды для Расіі відавочныя. Значна менш зразумела, чаго дасягаюць саступкі Трампа для бяспекі ЗША, еўрапейскіх саюзнікаў або яго ўласных палітычных перспектыў», – адзначае Axios.
Паводле ацэнкі выдання, пагадненне наўрад ці істотна знізіць цэны на паліва ў ЗША, якія выраслі з-за вайны з Іранам. У той жа час Вашынгтон аддаляецца ад еўрапейскіх саюзнікаў па НАТА на фоне ўзмацнення расійскіх дыверсій, кібератак і нападаў беспілотнікаў.
Палітычныя рызыкі для рэспубліканцаў таксама растуць. Паводле апытання YouGov, праведзенага ў студзені, 81% выбарцаў, якія падтрымалі Трампа ў 2024 годзе, негатыўна ставяцца да Пуціна. Такім чынам, саступкі расійскаму дыктатару — гэта зусім не тое, што можа спадабацца амерыканскім выбарцам.
Аднак у той час, як Рэспубліканская партыя рызыкуе страціць кантроль над Кангрэсам, што можа заблакаваць заканадаўчыі ініцыятывы самога Трампа, прэзідэнт ЗША робіць выгляд, што гэта не яго праблемы.
«Я не балатуюся на гэтых выбарах, я ўжо перамог з ашаламляльна пераканаўчым вынікам», – напісаў ён нядаўна ў сацсетцы.