BE RU EN

«З нас хопіць»: Зяленскі зняў забарону на ўдары па НПЗ Расіі

  • 15.10.2026, 8:25

Украіна тры дні не біла па энергетыцы ворага, каб выканаць пажаданні Вашынгтона.

Украіна аднаўляе ўдары па расійскіх нафтаперапрацоўчых заводах. Забарона на такія атакі была знятая на фоне праблем з разведданымі і збояў Starlink падчас масіраваных абстрэлаў.

Пра гэта гаворыцца ў інтэрв'ю прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага выданню Financial Times.

«Забарона (на ўдары па НПЗ) знятая. З нас хопіць», — заявіў Зяленскі.

Паводле яго слоў, Украіна тры дні не біла па расійскай энергетыцы, каб выканаць пажаданні Вашынгтона. Расія ў гэты час працягвала атакаваць украінскія аб’екты энергетыкі і за апошні тыдзень забіла больш за 100 мірных жыхароў.

Нягледзячы на паўзу, украінскія вайскоўцы засталіся без амерыканскіх папярэджанняў пра пускі балістычных ракет. Starlink па ўсёй краіне пачаў працаваць павольней, што ўскладніла дзеянні на фронце і ўдары па сярэдняй глыбіні па ваенных аб’ектах РФ.

Паводле слоў Зяленскага, амерыканскія калегі наўпрост папярэдзілі ўкраінскіх вайскоўцаў: калі ўдары па энергетыцы не спыняцца, абмен разведданымі заблакуюць. Пазней Кіеву гэта падалі як тэхнічны збой.

«Гэта была не тэхнічная праблема, гэта была воля», — сказаў прэзідэнт пра збоі Starlink.

Умовы паўзы — Patriot

Зяленскі дапускае, што Украіна магла б не біць па энергетыцы РФ, нават калі Расія працягне атакі. Але толькі ў абмен на дадатковыя ракеты для Patriot, і гэта, паводле яго слоў, мінімум.

Прэзідэнт Украіны расказаў, што ў адказ на просьбу аб узмацненні СПА ЗША аслабілі працу Starlink.

Паводле ацэнкі FT, цяперашні крызіс у адносінах Кіева і Вашынгтона — самы востры з лютага 2025 года, калі Трамп і яго каманда публічна адчыталі Зяленскага ў Авальным кабінеце.

Галоўнай прычынай напружання сталі ўдары па расійскай нафтаперапрацоўцы. Трамп звязвае менавіта з імі падаражанне дызпаліва ў свеце. Паралельна Мінфін ЗША адкрыў рынак для расійскага дызпаліва, а Украіна назвала гэтае пагадненне несумленным.

У ноч на 14 кастрычніка тэрміналы Starshield на ўкраінскіх дронах пачалі трымаць сувязь толькі да 160 км/г. У той жа дзень Расія нанесла масіраваны ўдар па энергетыцы, і Зяленскі назваў гэта беспрэцэдэнтнай непавагай Масквы да ЗША.

Апошнія навіны