BE RU EN

Мемуары Марка Шагала ўпершыню выходзяць на беларускай мове

  • 2.10.2026, 8:34

Кніга з'явіцца напрыканцы кастрычніка 2026 года.

Мемуары Марка Шагала — маецца на ўвазе першы варыянт яго аўтабіяграфіі пад назвай «Сваё» — упершыню выходзяць у перакладзе на беларускую мову ў выдавецтве «Мяне Няма». Пра гэта паведамляе «Зеркало».

«Гэта, бадай, самы амбіцыйны наш праект. І мы радыя, што ён ажыццявіўся. Тут супалі нашы асабістыя прыхільнасці, інтарэс публікі і перакладчыка, а таксама добрая воля мецэнатаў, якія падтрымалі гэтае выданне. Дзякуем усім датычным!» — адзначылі ў «Мяне Няма».

У арыгінале мемуары былі напісаныя па-руску (гэтая версія страчана) і апублікаваныя на ідышы ў 1925 годзе ў пяці нумарах нью-ёркскага штомесячніка «Di cukunft» («Будучыня»). Асновай для перакладу на беларускую мову, выкананага Сяргеем Шупам, паслужыла машынапіс (80 старонак), што захоўваецца ў Інстытуце яўрэйскіх даследаванняў YIVO ў Нью-Ёрку — з некаторымі зменамі і дапаўненнямі апублікаванага ў часопісе варыянта.

«Варыянт 1925 года на ідышы захоўвае ў сабе аўтэнтычную задуму Шагала», — адзначае перакладчык у пасляслоўі да выдання. Шырока вядомы французскі варыянт — «Маё жыццё», выдадзены ў перакладзе жонкі мастака Бэлы Шагал у 1931 годзе, «прапануе публіцы больш прымальны і «бяспечны» вобраз Шагала, прыбірае ўсё, што магло б стварыць непажаданае ўражанне». «Сваё» — Шагал такі, які ён ёсць.

Кнігу можна замовіць на старонцы выдавецтва. Выхад запланаваны на канец кастрычніка 2026 года.

Апошнія навіны