Беларуская пісьменніца атрымала прэстыжную нямецкую прэмію
- 2.10.2026, 9:35
За кнігу «Слоўнік качэўніка».
Беларуская пісьменніца Вольга Гапеева стала лаўрэаткай прэміі братоў Грым па літаратуры горада Ханаў за 2026 год. Пра гэта паведамляецца на афіцыйным гарадскім сайце.
Гапеева ўдастоена ўзнагароды за кнігу «Слоўнік качэўніка». З будаўнічых блокаў розных моў беларуска ўзводзіць «дом з мовы», які стаіць на фундаменце Еўропы, што ўсведамляе свае магчымасці і ўпушчэнні, — так ахарактарызавала яе творчасць журы. Сваім «Слоўнікам качэўніка» яна паказвае, як мова можа спрыяць крытычнаму мысленню і адначасова стаць магутным прытулкам. Пры гэтым аўтар паўстае ўважлівым назіральнікам сучасных умоў, крытыкам хранічных злоўжыванняў і пустых моўных формул, а таксама стойкім і чулым прыхільнікам іншага, лепшага суіснавання.
Цырымонія ўручэння адбудзецца 16 лістапада 2026 года. Прызавы фонд прэміі складае 10 000 еўра.
Вольга Гапеева нарадзілася ў 1982 годзе ў Мінску. З 2020 года жыве ў Аўстрыі і Германіі. У 2021 годзе яе кніга «Адна шкарпэтка і іншыя гісторыі» атрымала прэмію імя Цёткі, стаўшы найлепшым айчынным выданнем для дзяцей. На наступны год яе кніга «Самота, што жыла ў пакоі насупраць» заняла другое месца на літаратурнай прэміі імя Гедройца.