Беларускіх прызыўнікоў пачалі забіраць у армію
- 22.10.2026, 10:27
Калі скончацца адпраўкі.
З 22 кастрычніка беларусаў, прызваных у армію на тэрміновую службу або ў рэзерв, пачалі адпраўляць у часці, паведамілі ў Міністэрстве абароны.
У першы дзень у войскі накіруюць каля тысячы прызыўнікоў, якія папоўняць шэрагі Сіл спецыяльных аперацый (ССА) Узброеных Сіл, Мінскай ваеннай камендатуры, 72-га гвардзейскага Аб’яднанага вучэбнага цэнтра, 361-й базы аховы і абслугоўвання.
Усяго ў верасні – лістападзе на ўкамплектаванне Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фармаванняў Рэспублікі Беларусь плануюць накіраваць каля 10 тысяч чалавек. Яшчэ каля 6 тысяч хлопцаў ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў паедуць служыць у рэзерв. Навабранцы прымуць прысягу 21 лістапада.
Прызыў беларусаў на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве ажыццяўляецца ў верасні–лістападзе 2026 года ў адпаведнасці з указам Лукашэнкі №247 ад 22 ліпеня. Ён прадугледжвае завяршэнне ўсіх мерапрыемстваў па адпраўцы тэрмінавікоў і рэзервістаў у воінскія часці да 1 снежня. Пры гэтым на практыцы большая частка навабранцаў прыбывае ў свае падраздзяленні ў канцы кастрычніка – першай палове лістапада, пасля чаго працягваецца толькі кропкавы дадатковы набор.