Ён гэта ўсур'ёз?
- Наста Захарэвіч
- 22.10.2026, 11:41
Лукашэнка зноў прыбягае да маніпуляцый.
Аляксандр Лукашэнка хоча збліжацца з Захадам і, між іншым, заклікае да супрацоўніцтва з Латвіяй, Літвой і Польшчай. Толькі робіць гэта, так бы мовіць, без павагі.
Вельмі яго хвалюе, як жа мы гарэмныя перажывём за мяжой халодную зіму — дровы, кажа, у гэтых краінах дарагія, а яго альтэрнатывы для ацяплення ніхто купляць не хоча. А ён жа ад усёй душы! Ды не пашанцавала чалавеку ні з народзікам, ні з суседзямі, але ён трымаецца, не здаецца і галаву не адвяртае. Усім гатовы дапамагчы, літаральна апошнюю кашулю з сябе зняць! Яму ж, трэба разумець, гэты экспарт зусім не патрэбны. Усе гэтыя прапановы — ад чыстага сэрца, каб уратаваць суседзяў, якім так не пашанцавала з уладамі і цэнамі.
Раней ён гэтак жа вырашыў ратаваць людзей з Украіны і загадаў разгледзець юрыдычную норму, якая дазволіць ім збіраць грыбы ў памежжы. Ну вось проста што б рабіла Украіна без такога суседа! Падумаеш, даў тэрыторыю расійскай арміі для нападаў, падумаеш, рэтранслятарамі дапамагае ўсё той жа Расіі! Мае дачыненне да выкрадання ўкраінскіх дзяцей і ўсімі спосабамі падтрымлівае расійскае кіраўніцтва. Галоўнае што? Што хоча дазволіць людзям з Украіны збіраць грыбы. Ну проста нацыятворчы жэст, не менш.
І так, здавалася б, ва ўсім, паслядоўна трымацца нібыта высакароднай рыторыкі і пазіцыі Лукашэнку не ўдаецца. Ён рэгулярна зрываецца на дзіўныя абвінавачанні. Вось да заходніх суседзяў у яго прэтэнзіі: з цэнамі на дровы, маўляў, усё складана, затое ў іх, кажа ён, ёсць грошы на ваенныя выдаткі.
Ну, пачнём з таго, што сама па сабе такая аргументацыя слабая, бо нічога не даказвае. У любым дзяржаўным бюджэце ёсць розныя катэгорыі выдаткаў, і гэта нармальна. Але сур'ёзна тлумачыць, як працуе такая маніпуляцыя Лукашэнкі, нават не хочацца. Замест гэтага ёсць жаданне спытаць: «Ён гэта ўсур'ёз?».
Тут жа такая справа, што калі з гэтай жа метадалогіяй падыдзем да размеркавання грошай у Беларусі, атрымаецца ой як няёмка і непрыгожа! Бо на прыватную авіяцыю і элітны аўтапарк Лукашэнкі грошы ў дзяржаве ёсць, а на лячэнне дзяцей са СМА збіраем усім светам. На вечны пошук унутраных ворагаў і катаванні ў турмах — ёсць, а на годныя заробкі медыкам, каб хаця б у абласных гарадах былі ўрачы ўсіх дзіцячых спецыяльнасцяў, чамусьці не стае. На БРСМ фінансы заўсёды знаходзяцца, а дзеці, якія засталіся без бацькоў, абыдуцца, і ўвогуле ім дапамогуць дабрачынныя арганізацыі. Але апошняе — не пэўна, бо НДА на ўсякі выпадак масава знішчылі, і многіх актыўных людзей або пасадзілі, або выціснулі з краіны, або зрабілі і тое, і другое па чарзе.
І вось гэты чалавек, пры мудрым праўленні якога дэмаграфічная сітуацыя ў краіне стала катастрафічнай нават паводле еўрапейскіх меркаў (а ў Еўропе ў цэлым не тое каб жанчыны так ужо імкнуліся нараджаць), збіраецца кагосьці ад нечага ратаваць.
От бы мне хоць дзесятую частку такой упэўненасці ў сабе! Клянуся, я б скарысталася ёй куды больш эфектыўна.
Наста Захарэвіч, «Белсат»