BE RU EN

ГУР: Расія распачала аперацыю «Тэлемост» у Алешках

  • 22.10.2026, 14:05

Украінская разведка выкрыла задум акупантаў.

Расія падрыхтавала інфармацыйную правакацыю, каб адцягнуць увагу ад уласных ваенных злачынстваў на акупаваных тэрыторыях Украіны і дыскрэдытаваць Сілы абароны. Адной з галоўных мэт кампаніі стала сітуацыя ў захопленых Алешках Херсонскай вобласці. Пра гэта паведамляе ГУР.

РФ запланавала «Тэлемост» на тэму «Злачынствы ЗСУ супраць грамадзянскага насельніцтва Запарожскай вобласці» 22 кастрычніка 2026 года ў 15:00 ў фармаце групавога відэазванка ў Zoom.

У прапагандысцкім мерапрыемстве заяўлены ўдзел прадстаўнікоў 80 краін. Мэтавай аўдыторыяй павінны стаць дыпламаты краін ААН, АБСЕ, БРІКС і СНД, а таксама міжнародныя гуманітарныя арганізацыі.

Для ўдзельнікаў «Тэлемоста» прадугледжаны сінхронны пераклад на англійскую, іспанскую і французскую мовы. Галоўным дакладчыкам прызначаны падсанкцыйны калабарант Радзіён Мірошнік. Запланаваныя выступленні гауляйтэра акупаванай часткі Запарожскай вобласці Яўгена Баліцкага, так званага кіраўніка расійскай адміністрацыі Энергадару Максіма Пухава і іншых прадстаўнікоў акупацыйных структур.

Арганізатары маюць намер выкарыстаць пастановачныя ўключэнні ілжэсведкаў і прыдуманых «ахвяр злачынстваў ЗСУ». Таксама ўдзел возьмуць прапагандысты Russia Today, супрацоўнікі расійскіх пасольстваў і падкантрольных спецслужбам РФ «Рускіх дамоў» і філіялаў «Рассупрацоўніцтва» ў шэрагу краін, сярод якіх Замбія, Кувейт, Узбекістан, Нігерыя, Балгарыя, Венесуэла, Манголія і Малайзія.

Паводле даных ГУР, інфармацыйнае мерапрыемства прызвана адцягнуць увагу ад катастрафічнай гуманітарнай сітуацыі ў Алешках, выкліканай дзеяннямі расійскіх акупантаў, і аслабіць міжнародную падтрымку Украіны з боку еўрапейскіх партнёраў.

Апошнія навіны