BE RU EN

«Пуцін апантаны навязлівым страхам»

  • 22.10.2026, 15:25

Прэзідэнт Чэхіі расказаў, чаго больш за ўсё баіцца кіраўнік Крамля.

Крэмлёўскі дыктатар Уладзімір Пуцін пакутуе ад навязлівага страху быць забітым.

Менавіта таму ён настолькі ізаляваны, — заявіў у падкасце Ronzheimer прэзідэнт Чэхіі Пётр Павел.

«Ён мала каму давярае. Да таго ж ён апантаны страхам быць забітым. А паколькі яго атачае толькі абмежаванае кола людзей, яны могуць даволі паспяхова фільтраваць інфармацыю, якую дазваляюць яму пачуць», — сказаў палітык у гутарцы з Паулем Ронцхаймерам.

На яго думку, дарадцы, верагодна, падаюць Пуціну скажоныя звесткі пра сітуацыю на фронце.

«Лічу, што ён па-ранейшаму перакананы — магчыма, менавіта на падставе дакладаў свайго вайсковага кіраўніцтва, — што аперацыя ідзе паспяхова. Думаю, яго дэзінфармуюць па цэлым шэрагу пытанняў», — сказаў Павел.

Ён папярэджвае пра спробы Расіі справакаваць новую хвалю бежанцаў з Украіны ў іншыя еўрапейскія краіны:

«Даволі верагодна, што адна з мэтаў расійскага боку — зрабіць жыццё ва Украіне невыносным і, магчыма, нават справакаваць новы паток бежанцаў у еўрапейскія краіны. Усё гэта заклікана наглядна прадэманстраваць, што Украіна не можа перамагчы, а Расія здольная дасягнуць свайго, зрабіўшы жыццё людзей там немагчымым».

Паводле слоў Паўла, які раней быў начальнікам Генеральнага штаба Чэхіі і старшынём Ваеннага камітэта НАТА, ён не сумняваецца, што калі б у Расіі была магчымасць атрымаць перамогу над усёй Украінай, яна б гэта зрабіла.

«На дадзены момант сітуацыя на фронце для Расіі ніяк не сведчыць пра перамогу. Штомесяц Расія губляе дзесяткі тысяч салдат. Толькі ў верасні колькасць забітых і параненых склала каля 50 000 чалавек — і гэта ўсяго за адзін месяц. Гэтыя страты значна перавышаюць тэмпы, з якімі Расія можа папаўняць асабовы склад за кошт новых прызыўнікоў», — канстатуе прэзідэнт Чэхіі.

Апошнія навіны