Беларусы параўналі цэны на кватэры ў Нью-Ёрку і Мінску
- 22.10.2026, 18:04
Нагода задумацца.
Карыстальнік сацсеткі Threads распавёў пра цэны на кватэры ў Нью-Ёрку, а таксама пра ўмовы атрымання крэдытаў на набыццё нерухомасці.
«Студыя ў Нью-Ёрку, не на Манхэттане (тут увогуле пяць раёнаў, калі што), — піша ён. — Кошт: $195.000. Стаўка 7.125%. Першапачатковы ўзнос: 25%.
Сума крэдыту: $146.500. Плацеж у месяц: $985.
Само сабой, можна хутчэй выплаціць, нешта яшчэ рабіць і гэтак далей. Проста для азнаямлення, раптам каму цікава».
Мінчукі ў каментарах параўналі цэны на нерухомасць у Нью-Ёрку і ў беларускай сталіцы.
«Адразу ўспомніў „клопаўнік“ на Лучэнка плошчай 22 квадратныя метры за 160000 долараў з еўрарамонтам і ложкам на кухні. Затое ў нас у межах МКАД», — напісаў адзін з жыхароў сталіцы.
«Дык Нью-Ёрк за МКАДам знаходзіцца. Нядзіўна, што цэны там крыху ніжэйшыя, чым у «Minsk World», — пажартаваў яшчэ адзін каментатар.
«985 у месяц у Нью-Ёрку і 1500 у месяц у Мінску. І розніца ў заробках. Вось вам і „востраў стабільнасці“», — піша мінчук.