Волкер: Чаму б не правесці сустрэчу Сі і Трампа, каб вызначыць будучыню Расіі?
- 22.10.2026, 18:39
Аслабленне ціску на РФ толькі падштурхоўвае Пуціна працягваць вайну.
Былы спецпрадстаўнік Дзярждэпу ЗША па Украіне Курт Волкер лічыць, што магчымая сустрэча прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, лідара КНР Сі Цзіньпіна і нелегітымнага прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна наконт Украіны прадэманструе слабасць кіраўніка Белага дома. Свой каментар CNN з гэтай нагоды ён апублікаваў 21 кастрычніка ў X.
На думку Волкера, згода Трампа на такую сустрэчу прымусіць яго «выглядаць даволі слабым», бо атрымліваецца, што Пуцін і Сі Цзіньпін аб’ядноўваюцца супраць амерыканскага прэзідэнта, каб сказаць: «Зрабі што-небудзь з Украінай».
«Па-другое, не павінна быць ніякай падобнай сустрэчы пра будучыню Украіны без удзелу самой Украіны. Таму яна павінна быць з прэзідэнтам [Уладзімірам] Зяленскім. З такім жа поспехам можна спытаць: “Чаму б вам не правесці сустрэчу Сі і Трампа, каб вызначыць будучыню Расіі?”» – сказаў Волкер.
Ён таксама падкрэсліў, што Трамп, па сутнасці, зацягвае расійска-украінскую вайну, прыпыняючы падтрымку Украіны і блакуючы ўвядзенне новых санкцый. Дыпламат адзначыў, што аслабленне ціску толькі падштурхоўвае Пуціна працягваць вайну.
«Ведаеце, прэзідэнт Трамп не растлумачыў, якім менавіта чынам гэта [спыненне санкцый] адпавядае нацыянальным інтарэсам ЗША. На маю думку, гэта безумоўна папоўніць казну Крамля. Гэта зацягне вайну ва Украіне, паколькі Расія зможа працягваць баявыя дзеянні. Да таго ж у нас ёсць усе падставы меркаваць, што Расія працягне аказваць падтрымку Ірану. Таму я не бачу, як гэта дапамагае ЗША — тым больш што ніякіх тлумачэнняў з гэтай нагоды не прагучала», – дадаў Волкер.