BE RU EN

У японскім аэрапорце загарэўся ўкраінскі Ан-124 «Руслан»

  • 23.10.2026, 7:47

Гэта другі выпадак пасля Ляйпцыга.

22 кастрычніка ў міжнародным аэрапорце Тюбу ў Японіі адбылося ўзгаранне ўкраінскага транспартнага самалёта Ан-124-100 «Руслан» авіякампаніі «Авіялініі Антонава». З-за інцыдэнту узлётна-пасадачную паласу закрылі на 15 хвілін.

Аб гэтым паведамляе авіяцыйны рэсурс FL360aero.

Пасля праверкі аэрапорт аднавіў прыём і адпраўку рэйсаў у звычайным рэжыме.

Ці пашкоджаны самалёт і ці ёсць пацярпелыя, пакуль невядома. Таксама не паведамляецца, які груз перавозіў «Руслан», і пра прычыны ўзгарання.

Ан-124 «Руслан» — адзін з найбуйнейшых грузавых самалётаў у свеце; яго распрацавала кіеўскае канструктарскае бюро Антонава.

Гэта не першы інцыдэнт з украінскім «Русланам» за мяжой. У ноч на 5 жніўня ў аэрапорце Ляйпцыг/Гале ў Германіі побач з Ан-124 «Авіяліній Антонава» выявілі дрон з выбухоўкай і дэтанатарам. Паводле СМІ, самалёт быў загружаны боепрыпасамі. Прылада не выбухнула, а выведка ЗША звязала спробу дыверсіі з расійскай ваеннай разведкай.

Паводле The Wall Street Journal, расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін загадаў узмацніць дыверсіі супраць краін НАТА, таму Альянс можа сутыкнуцца з новымі атакамі, падобнымі да ляйпцыгскай. Пра планы Крамля ў дачыненні да Украіны і Еўропы папярэджваў і канцлер Германіі Фрыдрых Мерц.

Апошнія навіны