ЗША гатовыя нанесці новыя магутныя ўдары па Іране
- 26.10.2026, 15:09
Вайскоўцы чакаюць загаду Трампа.
Амерыканскія войскі на Блізкім Усходзе гатовыя на працягу 96 гадзін пачаць новую, патэнцыйна «вельмі сур'ёзную» аперацыю супраць Ірана, калі атрымаюць адпаведны загад прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Пра гэта 26 кастрычніка паведаміў тэлеканал CNN са спасылкай на двух амерыканскіх чыноўнікаў.
Па інфармацыі суразмоўцаў канала, у рэгіёне цяпер разгорнутыя сілы, дастатковыя для правядзення атак. Маштабы новай аперацыі, верагодна, будуць большымі, чым у папярэдніх, калі ўдары наносіліся па радарах, пускавых устаноўках і іншых аб'ектах, якія Іран мог даволі хутка аднавіць.
«Гэта будуць значныя намаганні», — сказаў адзін з крыніц CNN. Гэтую ацэнку падзяляюць і іншыя дзейныя і былыя чыноўнікі, знаёмыя з унутранымі абмеркаваннямі ваеннага планавання. Некаторыя з іх заявілі, што загад Трампа аб новай аперацыі — толькі «пытанне часу». На думку чыноўнікаў, хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца пасля прамежкавых выбараў 3 лістапада.
Ёсць і асцярогі: Іран цяпер больш вопытны праціўнік, таму амерыканскім вайскоўцам будзе складаней эфектыўна знішчыць усе патэнцыйныя мэты. Тым не менш кіраўніцтва Цэнтральнага камандавання ЗША і Міністэрства абароны распрацоўвае шырокі спіс мэт, які ўключае іранскую энергетычную інфраструктуру, ваенныя аб'екты і ядзерныя ўстаноўкі.
Белы дом ад каментарыяў адмовіўся.
Як адзначыў CNN, дадзеныя амерыканскай разведкі сведчаць, што Іран і яго праксі-сілы, еменскія хусіты, «вельмі сур'ёзна» ставяцца да магчымасці аднаўлення атак з боку ЗША і Ізраіля.
Мяркуецца, што ў выпадку пачатку новай аперацыі Тэгеран і хусіты будуць атакаваць амерыканскі персанал і аб'екты ЗША на Блізкім Усходзе, а магчыма, і па-за межамі рэгіёна. Таму ЗША ў бліжэйшыя дні працягнуць вывад персаналу з пасольстваў па ўсім рэгіёне.
Што да Ізраіля, прэм'ер-міністр Біньямін Нетаньяху і раней настойваў на новых атаках супраць Ірана, але амерыканскія чыноўнікі прасілі яго адкласці іх да таго часу, пакуль адміністрацыя Трампа «не будзе гатовая да правядзення сумесных аперацый».