Нямецкая эканоміка набірае абароты
- 27.10.2026, 3:04
Індэкс дзелавых настрояў у Германіі расце шосты месяц запар.
Індэкс дзелавых настрояў, які разлічваецца інстытутам эканамічных даследаванняў ifo ў Мюнхене, у кастрычніку павысіўся да 90,2 пункта ў параўнанні з 89,9 пункта месяц таму. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе інстытута, апублікаваным у панядзелак, 26 кастрычніка, паводле вынікаў апытання каля 9000 кіраўнікоў кампаній прамысловага і будаўнічага сектараў, а таксама сферы паслуг і гандлю, перадае DW.
Нягледзячы на рост коштаў на энерганосьбіты, настроі прадпрымальнікаў у Германіі зноў паляпшаюцца, адзначае агенцтва dpa. Найважнейшы нямецкі барометр эканамічнай кан’юнктуры расце шосты месяц запар і дасягнуў найвышэйшага ўзроўню з вясны 2023 года.
Эксперты, апытаныя агенцтвам Reuters, прагназавалі рост паказчыка да 90 пунктаў. Апытаныя dpa аналітыкі чакалі, што ён застанецца без змяненняў.
«Ажыўленне эканомікі працягваецца», — пракаментаваў вынікі кіраўнік ifo Клеменс Фюст. «Нямецкая эканоміка набірае абароты і няўхільна выходзіць са спаду», — падтрымаў яго кіраўнік Цэнтра па макраэканоміцы і апытаннях у ifo Клаўс Вольрабе.
Паляпшэнне чаканняў бізнесу адносна будучых дзелавых перспектыў садзейнічала росту паказчыка. Ацэнка бягучай сітуацыі, наадварот, аказалася менш аптымістычнай.
Паводле даных ifo, настроі ў сектары паслуг пагоршыліся, у гандлі засталіся на ранейшым узроўні. У будаўніцтве адзначаецца тэндэнцыя да павышэння. Акрамя таго, значна палепшыліся прагнозы для нямецкай прамысловасці, якая перажывае цяжкасці.
Прыкметы эканамічнага аднаўлення ў Германіі назіраюцца галоўным чынам дзякуючы павелічэнню дзяржаўных выдаткаў на інфраструктуру і абарону, піша газета Die Welt. Рухавікамі выступілі электратэхнічная галіна і машынабудаванне. У энергаёмістых галінах справы ідуць менш спрыяльна.
Раней урад Германіі павысіў прагноз эканамічнага росту да 1,3% у 2026 годзе і 1,1% у 2027 годзе. Вясной ён чакаў павелічэння ВУП на 0,5% і 0,9% адпаведна. У сваю чаргу ifo прагназуе ў 2026 годзе рост эканомікі на 1,4%.