«Дасылай мне фота кожную гадзіну!»
- 27.10.2026, 10:41
Мінчанка два дні адчытвалася перад незнаёмцамі, а потым страціла 6000 долараў.
Махляры на працягу двух дзён прымушалі 19‑гадовую мінчанку кожную гадзіну дасылаць фатаграфіі, каб кантраляваць, дзе яна знаходзіцца і чым займаецца. Дзяўчына паверыла, што размаўляе з супрацоўнікамі КДБ, і ў выніку перадала ашуканцам усе сямейныя зберажэнні — каля 6000 долараў, паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.
Усё пачалося з тэлефоннага званка. Невядомы прадставіўся супрацоўнікам КДБ і паведаміў навучэнцы мінскага каледжа, што яе асабістыя даныя трапілі да злачынцаў. Каб даказаць сваю невінаватасць, дзяўчыне нібыта неабходна было супрацоўнічаць са спецслужбамі.
На працягу двух дзён махляры кантралявалі кожны яе крок. Яны патрабавалі, каб мінчанка кожную гадзіну дасылала фатаграфіі з справаздачай пра тое, дзе яна знаходзіцца і што робіць. Акрамя таго, ашуканцы выходзілі з ёй на відэасувязь і паўтаралі свае інструкцыі.
У пэўны момант зламыснікі патэлефанавалі дзяўчыне і каля гадзіны расказвалі, якія задачы выконвае Нацыянальны банк і навошта трэба дэклараваць грошы.
У выніку мінчанка паверыла, што сямейныя зберажэнні неабходна перадаць на праверку. Яна сабрала каля 6000 долараў і аддала іх кур’еру махляроў. Дзяўчыну заверылі, што грошы правераць і вернуць на працягу гадзіны. Аднак пасля атрымання наяўных ашуканцы перасталі выходзіць на сувязь.
Зразумеўшы, што яе падманулі, мінчанка звярнулася ў міліцыю. Па факце здарэння праводзіцца праверка.