FT: Сын Трампа ездзіў на паляванне з алігархам Пуціна Крэмлёвым
- 27.10.2026, 11:50
Пасольства ЗША ў Манголіі заплаціла $18 тысяч за гасцінічныя нумары.
Сын лідара ЗША Дональд Трамп-малодшы улетку быў на паляванні ў Манголіі разам з расійскім алігархам >B>Умарам Крэмлёвым.
Пра гэта піша выданне Financial Times.
Паводле дадзеных журналістаў, Трамп-малодшы напрыканцы жніўня прыбыў у Манголію.
Пазней з Казахстану прыляцеў Крэмлёў разам з алігархам Артурам Марцірасавым. Яны правялі два дні разам з Крэмлёвым і групай кухараў, кіроўцаў і гідаў.
У той жа час пасольства ЗША ў Манголіі заплаціла $18 715 за гасцінічныя нумары падчас «візіту» Сакрэтнай службы з 23 жніўня па 6 верасня.
Вядома, што Трамп-малодшы, як член сям'і лідара ЗША, падарожнічаў з аховай.
Паводле слоў аднаго з удзельнікаў паездкі, падчас знаходжання ў лагеры Крэмлёў і Трамп-малодшы пазбягалі сумесных фотаздымкаў.
14 верасня выданне ProPublica паведаміла, што Умар Крэмлёў таемна прафінансаваў арганізацыю вяселля Дональда Трампа-малодшага — старэйшага сына прэзідэнта ЗША. Урачыстасць адбылася 24 мая на Багамах, сярод гасцей былі расіяне.
Крэмлёў (ранейшае прозвішча — Лутфулаеў) — генеральны сакратар Міжнароднай асацыяцыі бокса і саюзнік дыктатара Расіі Уладзіміра Пуціна. Прэс-сакратар Крэмлёва заявіў ProPublica, што бізнесмен і Трамп-малодшы падтрымліваюць сяброўскія адносіны і пазнаёміліся некалькі гадоў таму, а сам Крэмлёў нібыта ніколі не абмяркоўваў палітычныя пытанні з амерыканскімі сябрамі.
Украінскія персанальныя санкцыі супраць расійскага спартыўнага функцыянера і алігарха Умара Крэмлёва (Лутфулаева) уведзены 15 студзеня 2023 года.
Пазней Крэмлёў пацвердзіў, што Трамп-малодшы вярнуў яму грошы за вясельную вечарыну.