BE RU EN

У Латвіі кампанію аштрафавалі за даванне хабару ў Беларусі

  • 27.10.2026, 11:58

На 2,3 мільёна еўра.

У Латвіі суд пастанавіў спагнаць з кампаніі Squalio Group 2,3 мільёна еўра з-за хабару, які яе былы супрацоўнік даў у Беларусі. Пра гэта піша латвійскае выданне Delfi са спасылкай на праграму «De facto» на мясцовым тэлеканале. Дырэктар даччынай кампаніі Сяргей Шаркоў праходзіў у Беларусі па «справе Вцюрына» — былога намесніка дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Андрэя Вцюрына.

Латвійскую ІТ-кампанію Squalio Group абвінавачваюць у датычнасці да давання хабару беларускаму чыноўніку ў 2015 годзе. Паводле версіі абвінавачвання, грошы перадаў звязаны з кампаніяй супрацоўнік. Фірму аштрафавалі на 2,3 мільёна еўра. Справу ўжо другі раз разглядалі ў апеляцыйным судзе.

У 2009 годзе ў латвійскай кампаніі ў Беларусі з'явілася даччынае прадпрыемства ДПА. Яго ўзначаліў грамадзянін Латвіі Сяргей Шаркоў. Ён займаў кіраўнічую пасаду каля дзесяці гадоў і падаў у адстаўку пасля карупцыйнага скандалу. Латвійскае выданне lsm.lv адзначае, што галоўнай задачай Шаркова пры выхадзе на беларускі рынак было забеспячэнне пераходу дзяржаўных ведамстваў, фінансавых інстытутаў і кампаній на ліцэнзійнае праграмнае забеспячэнне. Сярод кліентаў кампаніі значыліся, напрыклад, «Газпром Трансгаз Беларусь» і Міністэрства адукацыі Беларусі.

Як піша «Зеркало», у 2015 годзе Шаркоў даў хабар у пяць тысяч долараў дырэктару цэнтра апрацоўкі дадзеных Мінфіна Беларусі Юрыю Зданевічу за садзейнічанне ў заключэнні дамоваў аб закупцы з кампаніяй, якой ён кіраваў. Ён таксама быў звязаны з выпадкамі карупцыі з удзелам прадстаўніка «Беларусбанка» Аляксея Мілаванава, былога кіраўніка Беларускага міжбанкаўскага разліковага цэнтра Фелікса Каспяровіча і былога намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення інфармацыйных тэхналогій Нацбанка Андрэя Падгорнага. Па гэтых трох эпізодах дырэктара ДПА вызвалілі ад крымінальнай адказнасці. Вядома, што пасля затрымання Шаркоў чатыры разы напісаў яўку з павіннай, дзякуючы чаму пазбег крымінальнай адказнасці.

У выніку Шаркова прызналі вінаватым толькі ў даванні хабару на суму пяць тысяч долараў і прызначылі штраф у пяць тысяч базавых велічынь. Па гэтай жа справе праходзіў былы намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Андрэй Вцюрын, якога абвінавацілі ў атрыманні хабару.

Апошнія навіны