У Празе гарэў дом уладальніка канцэрна, які пастаўляе зброю Украіне
- 27.10.2026, 16:29
Паліцыя не выключае наўмысны падпал.
Чэшскія эксперты-крыміналісты расследуюць начны пажар у прыватным доме ў пражскім раёне Кунратыцы, які належыць уладальніку зброевага канцэрна STV Марціну Дрдзе, паведамляе выданне Novinky.
Пажар успыхнуў прыкладна за паўгадзіны да паўночы, калі суседзі заўважылі полымя каля ўваходу ў дом.
Дом, паводле кадастравых даных, належыць мільярдэру і ўладальніку зброевага канцэрна STV Марціну Дрдзе.
«Мы накіравалі ў Кунратыцы адзін пажарны разлік, які з дапамогай струменя вады пад высокім ціскам патушыў агонь на плошчы 1×1 метр. Выкліканы на месца здарэння следчы ацаніў суму шкоды ў 200 тысяч крон», — паведаміў прадстаўнік пажарнай службы Міраслаў Рэжач.
Пажар пачаўся побач з гаражом, каля ўваходу ў дом. Полымя таксама распаўсюдзілася на цяплоізаляцыю і каркас дому, таму пажарным давялося дэмантаваць іх у гэтым месцы і праверыць усё з дапамогай цеплавізара. Пасля гэтага на месца здарэння была выкліканая паліцыя.
«Эксперты-крыміналісты цяпер расследуюць усе абставіны і прычыны пажару ў супрацоўніцтве са следчымі пажарнай службы», — паведаміў прэс-сакратар паліцыі Рычард Грдына.
Паводле наяўнай інфармацыі, крыміналісты пакуль не выключаюць ніводнай з магчымых версій, а менавіта: тэхнічную няспраўнасць, нядбайнасць або наўмысны падпал.
STV Group — чэшскі вытворца боепрыпасаў і ваеннай тэхнікі — з’яўляецца адным з ключавых пастаўшчыкоў узбраення для Украіны на фоне поўнамаштабнай вайны з Расіяй.