Нацбанк анансаваў новыя манеты
- 28.10.2026, 16:00
Іх вырабілі ў Казахстане.
Нацыянальны банк Беларусі выпусціў новыя памятныя манеты «Старадарожскі строй» са серыі «Беларускі народны касцюм». Яны прысвечаныя традыцыйнаму адзенню Старадарожскага раёна, паведаміла прэс-служба рэгулятара.
У зварот манеты паступілі 20 кастрычніка, а набыць іх у касах Нацбанка (Мінск, вул. Талстога, 6) можна будзе з 29 кастрычніка.
Калекцыянерам прапануюць два варыянты. Медна-нікелевая манета наміналам 1 рубель каштуе 55 рублёў без футляра і 73 рублі ў футляры. Срэбная наміналам 20 рублёў абыдзецца ў 410 рублёў без футляра і 450 рублёў у футляры.
Дыяметр у абедзвюх манет аднолькавы — 50 мм, адрозніваюцца яны матэрыялам, вагой і тыражом. Срэбная адчаканена з металу 925-й пробы і важыць 33,63 г, з іх 31,1 г чыстага срэбра. Тыраж склаў 3 тысячы штук. Медна-нікелевая важыць 30 г, такіх манет выпушчана 5 тысяч.
На аверсе абедзвюх манет выяўленыя дзяржаўны герб, намінал і элементы народнага касцюма. На рэверсе размешчаныя дэталі традыцыйнага адзення і надпісы «СТАРАДАРОЖСКІ СТРОЙ» і «БЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ КАСЦЮМ».
Дызайн манет распрацаваў Нацбанк, а вырабілі іх на Казахстанскім манетным двары ў Усць-Каменагорску.