BE RU EN

Портнікаў расказаў, што будзе азначаць для Украіны перамога дэмакратаў

  • 28.10.2026, 18:44

Законапраект у падтрымку Кіева ўжо прыняты Палатай прадстаўнікоў.

Кантроль дэмакратаў над Сенатам можа ўзмацніць пазіцыі Кангрэса у супрацьстаянні з Дональдам Трампам і адкрыць шлях да прыняцця рашэнняў у падтрымку Украіны, нават калі прэзідэнт паспрабуе іх заблакаваць. Вызначальным будзе тое, ці змогуць дэмакраты заручыцца падтрымкай часткі рэспубліканцаў.

Пра гэта ў эфіры «Эспрэса» расказаў журналіст Віталь Портнікаў.

Паводле слоў Портнікава, цяпер законапраект у падтрымку Украіны ўжо прыняты Палатай прадстаўнікоў, а большасць сенатараў гатовая яго падтрымаць. Аднак дакумент дагэтуль не вынесены на галасаванне ў Сенаце з-за пазіцыі лідара рэспубліканскай большасці Джона Туна, якога журналіст лічыць залежным ад Трампа.

«У Сенаце большасць яго падтрымлівае. Ніякіх праблем з тым, што большасць сенатараў прагаласавалі б за яго, няма. Але лідар рэспубліканскай большасці ў Сенаце, сенатар Тун, залежны ад Трампа, не ставіць гэты законапраект на галасаванне. Ён толькі таму і не галасуецца», — патлумачыў Портнікаў.

Ён адзначыў, што пры іншым раскладзе ў Сенаце законапраект маглі б вынесці на галасаванне. Нават калі б Трамп адмовіўся яго падпісаць, Кангрэс пры дастатковай колькасці галасоў мог бы пераадолець прэзідэнцкае вета.

На думку журналіста, большасць дэмакратаў у Сенаце магла б даць Кангрэсу больш магчымасцяў прымаць рашэнні, якія адпавядаюць настроям амерыканскага грамадства і прадугледжваюць падтрымку Украіны.

Апошнія навіны