BE RU EN

У ЗША пасля выпрабаванняў пачалі вытворчасць новай гіпергукавой ракеты

  • 28.10.2026, 19:01

Далёкасць палёту — 1500 км.

ВПС ЗША запусцілі ў масавую вытворчасць гіпергукавую ракету вялікай далёкасці AGM-183A пасля завяршэння выпрабаванняў. Ракета, разлічаная на пуск з бамбавікоў, спалучае ракетны паскаральнік і гіпергукавы планіруючы апарат. Пра гэта піша Interesting Engineering.

ВПС не раскрываюць ні аб'ёмы заказаў, ні тэрміны паставак. Вядома толькі, што ўзбраенне вытворчасці Lockheed Martin прызначана для удараў на вялікія адлегласці па важных мэтах у добра абароненых раёнах.

Кантракт з Lockheed Martin на 694 млн долараў на вытворчасць і ўкараненне ракеты хуткага рэагавання паветранага базавання AGM-183A (ARRW) Пентагон заключыў 29 верасня, а абвясціў пра яго напрыканцы кастрычніка. Такім чынам праграма выйшла са стадыі прататыпаў і лётных выпрабаванняў і перайшла да вытворчасці. Рашэнне павінна забяспечыць амерыканскіх вайскоўцаў ударнай зброяй вялікай далёкасці, здольнай лятаць з хуткасцю, што больш як у пяць разоў перавышае хуткасць гуку, і паражаць мэты па-за межамі добра абароненай паветранай прасторы.

«Гэта паваротны момант у нашай дарожнай карце распрацоўкі перадавых узбраенняў», — заявіў прадстаўнік ВПС Трой Майнк. Паводле яго слоў, праграма дасць камандзірам магчымасць наносіць высокахуткасны ўдар для пераадолення сучасных сістэм абмежавання і забароны доступу (A2/AD).

AGM-183A пабудавана па схеме планіруючага апарата, а не класічнай крылатай ракеты. Цвёрдапаліўны паскаральнік разганяе выраб да гіпергукавай хуткасці звыш 5 Махаў, пасля чаго аддзяляецца планіруючы блок, які ідзе да мэты.

Паводле ацэнак ВПС, далёкасць ракеты складае каля 1600 км (1000 міль), таму самалёты могуць запускаць яе з вялікай адлегласці, не заходзячы на тэрыторыю праціўніка. Хуткасць і профіль палёту прызваныя забяспечыць хуткае паражэнне важных мэтаў у раёнах, прыкрытых складанай сістэмай СПА.

У адрозненне ад узбраення, якое паражае пераважна ўдарной хваляй, ARRW, як апісваюць у ВПС, знішчае мэты кінетычнай энергіяй высокахуткаснага ўдару. Сістэма прызначана для неядзерных удараў на вялікія дыстанцыі, хоць дакладныя характарыстыкі вытворчага ўзору публічна не раскрываюцца.

Шлях да вытворчасці аказаўся няпростым. Lockheed Martin пачала працу над ARRW у 2018 годзе, а выпрабаванні з самалётам B-52 пачаліся годам пазней. На ранніх этапах лётных выпрабаванняў здараліся няўдачы, і ў 2023 годзе ВПС далі зразумець, што сканцэнтруюцца на іншых гіпергукавых праектах і адмовяцца ад далейшых закупак ARRW. Пазней кіраўніцтва перадумала: сродкі на закупку заклалі ў бюджэт 2026 фінансавага года, а новы кантракт афіцыйна замацаваў пераход да вытворчасці.

Апошнія навіны