Нямецкая брыгада будзе адсочваць вайсковую актыўнасць Беларусі і РФ
- 28.10.2026, 19:58
Брыгада Бундэсвера будзе размешчана ў Літве.
Пастаянная брыгада Бундэсвера ў Літве будзе выкарыстоўваць сродкі радыёэлектроннай барацьбы для ранняга папярэджання пра вайсковую актыўнасць у Калінінградскай вобласці РФ і Беларусі.
Пра гэта агенцтву Reuters паведаміў камандуючы кібер- і інфармацыйным падраздзяленнем узброеных сіл Германіі, віцэ-адмірал Томас Даум.
Нямецкая брыгада, поўнае разгортванне якой запланавана на наступны год, таксама будзе збіраць даныя пра расійскія і беларускія вайсковыя перадатчыкі і радыёлакацыйныя сістэмы для абнаўлення базаў даных радыёэлектроннай барацьбы, якіямі карыстаюцца войскі Германіі і саюзнікаў.
«Мы ўнясём (даныя) ў базы даных радыёэлектроннай барацьбы, якія затым папярэдзяць усе нашы сістэмы, калі на беларускім баку з'явіцца новы радар», — паведаміў Даум.
Ён адзначыў, што дзейнасць Расіі ў некаторых рэгіёнах Еўропы дасягнула таго, што ён назваў «другой фазай, мэта якой — нанесці шкоду», але якая не дасягае парога ўзброенага канфлікту.
«У кіберінфармацыйнай сферы пакуль не ідзе вайна, але гэта ўжо не мір», — адзначыў кіраўнік ваеннага кібераддзела Бундэсвера.
Нямецкая армія цяпер выпрабоўвае ў Літве сістэмы радыёэлектроннай барацьбы, у прыватнасці сродкі выяўлення дронаў, перахопнікі сігналаў, глушылкі і датчыкі, прызначаныя для перадачы даных з поля бою аналітыкам.
«Да вайны ва Украіне нямецкім вайскоўцам з цяжкасцю ўдавалася пераканаць камерцыйныя кампаніі пастаўляць ім такія сістэмы», — адзначыў Патрык Ешке, які ўзначальвае цэнтр кіберінавацый Бундэсвера.
Паводле яго слоў, задача змянілася: цяпер трэба не проста знайсці пастаўшчыкоў, а адабраць найбольш перспектыўныя тэхналогіі з мноства прапаноў.
«На працягу апошніх дзесяцігоддзяў мы не ўкладвалі занадта шмат сродкаў у новыя магчымасці. Мы выкарыстоўвалі тое, што мелі, бо засяроджваліся на місіях за мяжой — у Афганістане і іншых мясцінах. Цяпер ёсць неабходнасць палепшыць нашы магчымасці», — сказаў Даум.