Зяленскаму і ўсяму ўкраінскаму народу прысудзілі медаль Лойшнера
- 28.10.2026, 23:03
Гэта вышэйшая ўзнагарода нямецкай зямлі Гесэн.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі быў удастоены медаля Вільгельма Лойшнера — вышэйшай узнагароды федэральнай зямлі Гесэн у Германіі. Узнагарода таксама адрасаваная ўсяму ўкраінскаму народу.
Пра гэта паведамляе DW.
Прэм'ер-міністр Гесэна Барыс Райн распавёў, што Зяленскага вырашылі ўзнагародзіць у знак прызнання яго «нястомнай барацьбы за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, свабоду, дэмакратыю і інтэграцыю Украіны ў палітычную сістэму і сістэму каштоўнасцей Еўрапейскага Саюза».
«У той жа час гэта ўзнагарода адрасаваная ўсяму ўкраінскаму народу, які пад яго (Зяленскага, — рэд.) кіраўніцтвам ужо амаль пяць гадоў абараняе не толькі суверэнітэт сваёй краіны і жыццё сваіх грамадзяў, але і Еўропу і нашы еўрапейскія каштоўнасці, стаўшы ахвярай жорсткай расійскай агрэсіўнай вайны, што супярэчыць міжнароднаму праву», — дадаў прэм'ер.
Медаль названая ў гонар нямецкага палітыка Вільгельма Лойшнера — удзельніка руху Супраціву. Пасля няўдалага замаху на нацысцкага дыктатара Адольфа Гітлера 20 ліпеня 1944 года яго прысудзілі да смяротнага пакарання. Медаль уручаюць з нагоды Дня Канстытуцыі Гесэна, які адзначаецца 1 снежня.
Чакаецца, што Зяленскі можа прысутнічаць на цырымоніі ўручэння 1 снежня 2026 года.