BE RU EN

Пуціну патрэбная палітычная псіхатэрапія

  • Уладзімір Фесенка
  • 29.10.2026, 5:04

Камплексы дыктатара сур'ёзна ўскладняюць любыя мірныя перамовы.

Прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стуб і прэм’ер-міністр Нарвегіі Ёнас Гар Стэрэ правялі тэлефонную размову з Уладзімірам Пуціным. Гэтая падзея выклікала прыкметны рэзананс і даволі вострую дыскусію ў Еўропе і Украіне.

Як ставіцца да гэтых перамоў? Мой адказ: іх варта ўспрымаць спакойна і рацыянальна — як заканамерную і нават неабходную складовую перамоўнага працэсу, які цяпер толькі пачынаецца.

Па-першае, гэта працяг таго перамоўнага працэсу, які пачаўся роўна тыдзень таму менавіта ў Осла — якраз пры ўдзеле Стуба і Стэрэ.

Па-другое, гэта працяг намаганняў, накіраваных на тое, каб Еўропа стала прамым удзельнікам мірных перамоў па завяршэнні расійска-ўкраінскай вайны. І гэта адпавядае інтарэсам Украіны, бо ўдзел еўрапейцаў у мірных перамовах узмацняе нашы перамоўныя пазіцыі.

Так, у еўрапейскіх колах існуюць пэўная рэўнасць і разыходжанні наконт таго, хто менавіта павінен прадстаўляць Еўропу на перамовах з Расіяй. Гэтую праблему абмяркоўваюць ужо больш за год, але дамовіцца ніяк не ўдаецца. Фактычна ініцыятыву ўзялі на сябе лідары Фінляндыі і Нарвегіі. Калі ў іх гэта атрымліваецца і Пуцін гатовы з імі размаўляць — гэта добра. Для нас важна, што гаворка пра лідараў, якія актыўна дапамагаюць Украіне і якім Украіна давярае.

Па-трэцяе, у перамовах нельга разлічваць выключна на амерыканцаў, асабліва на такога спецыфічнага і ненадзейнага перамоўцу, як Стыў Уіткоф. Калі з’явіцца паралельны перамоўны трэк з удзелам еўрапейцаў — прычым з такім дасведчаным дыпламатам і перамоўцам, як Аляксандр Стуб, — і ён будзе ўзаемазвязаны з амерыканскім трэкам, гэта толькі збалансуе перамоўны працэс і знізіць рызыкі, звязаныя з асобай Уіткофа.

Для кантактаў з Пуціным патрэбны не проста моцны перамоўца, якому мы можам давяраць. Патрэбны чалавек, здольны не толькі «зчытаць» псіхалагічныя комплексы Пуціна (яго агрэсіўнае адмаўленне Украіны як такой, крыўды на калектыўны Захад і Еўропу ў прыватнасці і г. д.), але і знайсці аптымальны тон зносін, а таксама паступова адшукаць спосабы ўплыву, уцягваючы яго ў прадметна-функцыянальны перамоўны працэс замест бясплодных абмеркаванняў расійскіх ультыматумаў.

То бок гаворка ідзе не толькі пра класічныя перамовы з Пуціным, якія могуць і не спрацаваць, але і пра свайго кшталту палітычна-перамоўную псіхатэрапію адносна Пуціна. Гэта надзвычай складаная місія. Тут патрэбны перамоўца ўзроўню Генры Кісінджэра.

Я не ведаю, наколькі Аляксандр Стуб гатовы да такой экстраардынарнай місіі. Але ў яго ёсць для гэтага значны прафесійны патэнцыял і досвед. І на дадзены момант я, на жаль, не бачу іншых еўрапейскіх лідараў, здольных на гэта.

Таму я шчыра жадаю Аляксандру Стубу і Ёнасу Гару Стэрэ працягнуць іх перамоўную місію з Пуціным, а таксама ўдачы ў яе паэтапнай рэалізацыі.

Але ўсім нам трэба разумець, што хуткіх вынікаў ад гэтых перамоў не будзе. Для завяршэння вайны на знясіленне спатрэбяцца перамовы, якія будуць надзвычай складанымі, працяглымі і гэтак жа знясільваючымі.

Уладзімір Фесенка, Facebook

Апошнія навіны