Партызаны вывелі з ладу важны для расійскага ВПК камбінат у Растоўскай вобласці
- 29.10.2026, 9:46
Пашкоджаны размеркавальны вузел.
Партызаны руху «АТЭШ» вывелі з ладу электраабсталяванне камбіната па вытворчасці ракетнага паліва ў Растоўскай вобласці. Маецца на ўвазе «Камбінат Каменскі» ў Каменску-Шахцінскім.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на допіс руху ў Telegram.
Камбінат Каменскі забяспечвае электраэнергіяй прадпрыемства ваенна-прамысловага комплексу, якое выпускае цвёрдае ракетнае паліва для рэактыўных сістэм залпавага агню «Ураган», «Смерч», «Тарнада-С» і іншых, а таксама для авіяцыйных сістэм.
Адзначаецца, што пашкоджанне размеркавальнага вузла стварае лакальныя праблемы для працы прадпрыемства і патрабуе часу на рамонт абсталявання.
«Такія інцыдэнты непазбежна выклікаюць збоі ў вытворчых ланцужках і прымушаюць заводскіх спецыялістаў займацца аднаўленчымі працамі замест выпуску прадукцыі», — пішуць партызаны.
Таксама падобныя кропкавыя ўмяшанні ў тыле ўскладняюць лагістыку і працу прадпрыемстваў, задзейнічаных у забеспячэнні расійскай арміі.
«Мы працягваем фіксаваць і выкарыстоўваць уразлівасці ў тылавой інфраструктуры, якая працуе на вайну», — дадалі ў «АТЭШ».