Названы ідэальны перакус для здароўя сэрца і сасудаў
- 29.10.2026, 11:40
Дыетолагі расказалі, якія прадукты трэба ўключыць у рацыён.
Павышаная канцэнтрацыя халестэрыну правакауе фарміраванне атэрасклератычных бляшак у сасудах, што істотна павялічвае верагоднасць узнікнення інсультаў і захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы. Аднак карэкцыя штодзённага рацыёну праз выбар правільных прадуктаў дазваляе эфектыўна нармалізаваць ліпідны профіль.
Эксперты ў галіне нутрыцыялогіі рэкамендуюць выкарыстоўваць у якасці здаровага перакусу энергетычныя шарыкі, прыгатаваныя з аўсяных шматкоў, сухафруктаў, насення і арэхаў, піша eatingwell.com.
Ключавым карысным кампанентам аўса з'яўляецца бэта-глюкан — асаблівая растваральная клятчатка. У працэсе стрававання яна ўтварае ў кішачніку гелеўпадобную структуру, якая звязвае жоўцевыя кіслоты, што выпрацоўваюцца арганізмам з халестэрыну, і спрыяе іх натуральнаму вывядзенню. У выніку печань вымушаная выдаткоўваць наяўны халестэрын на сінтэз новых жоўцевых кіслот.
Вынікі 13 клінічных выпрабаванняў паказваюць, што штодзённае спажыванне каля 3 грамаў аўсянага бэта-глюкану дазваляе знізіць канцэнтрацыю «дрэннага» халестэрыну (ЛПНШ) прыкладна на 10 адзінак.
Даданне ў склад перакусу міндалю, арахісу, грэцкіх арэхаў або арэхавай пасты насычае арганізм ненасычанымі тлустымі кіслотамі, якія падтрымліваюць працу сэрца. Акрамя таго, арэхі ўтрымліваюць раслінныя стэролы, якія фізічна блакуюць усмоктванне халестэрыну сценкамі кішачніка.
Дадатковую абарону забяспечваюць антыаксіданты, што змяшчаюцца ў аўсе і насенні. Яны зніжаюць запаленчыя працэсы ў крывяносных сасудах і перашкаджаюць акісленню ЛПНШ. Даследаванне 2026 года з удзелам пацыентаў з метабалічным сіндромам паказала, што мікрафлора кішачніка трансфармуе кампаненты аўса ў карысную ферулавую кіслату. Гэта расліннае злучэнне спрыяе працягламу зніжэнню ўзроўню ЛПНШ, прычым спрыяльны эфект захоўваецца на працягу некалькіх тыдняў пасля ўжывання прадукту.