Масіраваная атака дронаў на Маскву паралізавала працу трох аэрапортаў
- 29.10.2026, 11:49
Самалёты развярталі назад.
У ноч з 28 на 29 кастрычніка Маскву атакавалі ўкраінскія дроны: у кірунку рэгіёна ляцелі 613 БПЛА. Пра гэта ў Telegram паведаміў мэр расійскай сталіцы Сяргей Сабянін.
«У перыяд з 20:30 28 кастрычніка па 07:00 29 кастрычніка ў бок Маскоўскага рэгіёна ляцелі 613 БПЛА», — напісаў ён.
Сабянін запэўніў, што нібыта большасць была нейтралізаваная сіламі СПА Мінабароны на далёкіх падступах, а 231 беспілотнік знішчаны пры падлёце да Масквы. Пры гэтым ён паведаміў, што спецыялісты экстранных службаў працуюць на месцы падзення абломкаў.
ASTRA са спасылкай на расійскія СМІ піша, што падчас атакі ў аэрапортах былі ўведзены абмежаванні. У прыватнасці, два самалёты, што скіроўваліся з Турцыі ў Маскву, разгарнуліся назад з-за абмежаванняў у Внукаве.
Паводле даных расійскіх СМІ, Расавіяцыя ўвяла абмежаванні на прыём і выпуск паветраных суднаў у аэрапортах Внукава, Дамадзедава і Жукоўскім (Раменскім). Пры гэтым праз гадзіну абмежаванні ў Жукоўскім былі скасаваныя, але два аэрапорты па-ранейшаму прымалі самалёты па ўзгадненні.
Таксама чытачы ASTRA ў гэты час паведамлялі пра тры выбухі пад Нара-Фамінскам у 56 км ад Маскоўскай кальцавой аўтамабільнай дарогі пры адсутнасці шуму беспілотнікаў, але адзначалі, што з боку Калужскай вобласці выбухі раздаюцца адзін за адным.
Шумна было не толькі ў Маскве. ASTRA піша, што над Башкірскай содавай кампаніяй у Стерлітамацы ўзняўся дым на фоне атакі БПЛА. Гэта адзінае ў РФ прадпрыемства, якое выпускае ўнікальны кампанент для браняматэрыялаў.
Мінабароны РФ паведаміла, што за ноч Расію атакавалі больш за 1200 дронаў. Пры гэтым пад атакай апынуліся 19 рэгіёнаў.