Адкуль насамрэч узялася вада на Зямлі: вучоныя зрабілі нечаканае адкрыццё
- 29.10.2026, 12:28
Сярод камяністых планет зямнога тыпу можа быць значна больш тых, што маюць вадкую ваду.
Вучоныя даўно спрабуюць высветліць, якім чынам на нашай планеце з’явілася вада — галоўная крыніца жыцця. Новае даследаванне мяркуе, што большая частка вады насамрэч не прыбыла з космасу на Зямлю, а была ўтвораная самой планетай падчас яе фарміравання 4,5 мільярда гадоў таму. Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Nature Geoscience, піша Phys.
Зямля і іншыя планеты Сонечнай сістэмы сфармаваліся з дыска, што складаўся з газу і цвёрдых часцінак пылу, які акружваў маладое Сонца. Там, дзе сфармавалася Зямля, выпраменьванне Сонца было настолькі магутным, што малекулы вады, хутчэй за ўсё, распадаліся на вадарод і кісларод. Тады ўзнікае пытанне: адкуль на Зямлі ўзялася вада ў такой велізарнай колькасці?
Лічыцца, што багатыя на ваду ледзяныя часціцы сфармаваліся ўдалечыні ад Сонца і затым трапілі на Зямлю ў складзе камет і метэарытаў. Але для гэтага павінна была адбыцца гіганцкая колькасць сутыкненняў камет і метэарытаў з маладой Зямлёй у перыяд яе фарміравання. Аўтары даследавання лічаць гэта малаверагодным, таму яны прапануюць іншую крыніцу вады. Вучоныя прыйшлі да высновы, што большая частка вады на Зямлі была ўтвораная самой планетай.
Шмат вучоных лічаць, што Зямля сфармавалася ў выніку назапашвання невялікіх камяністых абломкаў, з якіх паступова вырасла планетнае цела. Па меры таго як планета расла і набірала масу, вакол яе магла сфарміравацца гарачая, шчыльная атмасфера, насычаная вадародам. Праз гэтую атмасферу, як мяркуюць вучоныя, працягвалі падаць камяністыя абломкі. Аксід жалеза, што ў іх утрымліваўся, уваходзіў у рэакцыю з вадародам, у выніку чаго ўтвараліся чыстае жалеза і вадзяная пара. Такім чынам магла ўтварыцца велізарная колькасць вады.
Каб праверыць гэтую тэорыю, вучоныя награвалі ўзоры горных парод да тэмператур ад 1200 да 1400 градусаў Цэльсія ў патоках вадароду. Высветлілася, што ва ўмовах, характэрных для ранняй Зямлі, вада ўтвараецца ўсяго за некалькі хвілін. Падчас эксперыментаў амаль 80% аксіду жалеза ў узорах ператварылася ў чыстае жалеза, і пры гэтым выдзялілася вадзяная пара.
Гэтае адкрыццё мае важнае значэнне для пошуку пазаземнага жыцця. Паводле новага даследавання, на камяністых планетах зямнога тыпу ў іншых зоркавых сістэмах вада магла ўтварацца так жа, як гэта адбывалася на Зямлі. Гэта азначае, што сярод камяністых планет можа быць значна больш тых, якія маюць вадкую ваду. А значыць, і патэнцыйнае пазаземнае жыццё.