У парламенце Арменіі адбылася масавая бойка
- 29.10.2026, 12:53
Адзін з дэпутатаў кінуў у калегу крэсла.
Дэпутаты парламента Арменіі ўчынілі масавую бойку ў зале пасяджэнняў. Перапалка ўспыхнула паміж прадстаўнікамі кіроўнай партыі і апазіцыі.
Пра гэта паведамляе Armenian report.
Бойка адбылася падчас выступлення дэпутата ад кіроўнай партыі «Грамадзянская дамова» Тарона Чахояна, які зрабіў абразлівыя заўвагі ў дачыненні да апазіцыі.
Падчас свайго выступлення Чахоян закрануў тэму перадвыбарчай кампаніі апазіцыйнай партыі «Моцная Арменія».
Яго выказванні выклікалі абурэнне ў прадстаўнікоў апазіцыі, у прыватнасці ў старшыні фракцыі «Моцная Арменія» Нарэка Карапетяна, што перарасло ў слоўную спрэчку, а пасля — у масавую бойку.
Пасяджэнне парламента давялося перапыніць на 40 хвілін, а падчас бойкі аднаго з дэпутатаў збілі з ног.
Таксама, паводле паведамленняў СМІ, віцэспікер парламента Ваагн Алексанян нібыта кінуў крэсла ў бок дэпутата Гарніка Давтяна.