Перамоўная бутафорыя Крэмля
- Сяргей Кавальчук
- 29.10.2026, 14:38
Чаму Пуцін не збіраецца спыняцца.
Свет чарговы раз рыхтуецца назіраць за спробай усадзіць за стол заклятых ворагаў. Аднак мала хто верыць у тое, што анансаваныя перамовы высокага ўзроўню ў ААЭ прывядуць да спынення расійска-ўкраінскай вайны.
Напачатку крыху кантэксту. На сёння пазіцыі Украіны і Расіі максімальна ясныя — абедзве не могуць прайграць у гэтай вайне. А аб’ектыўная рэчаіснасць кажа, што ў такой вайне і пераможцам выйсці немагчыма.
Імклівы ваенна-тэхнічны прагрэс загонвае сітуацыю на полі бою ў патовае становішча. Бакі з пераменным поспехам па чарзе наносяць адзін аднаму балючыя ўдары, якія, аднак, не прыводзяць да карэннага пералому на карысць таго ці таго боку.
Сам па сабе мірны працэс ператварыўся ў фактар уздзеяння на сусветныя рынкі, але ніяк не ў канкрэтны і адчувальны план спынення вайны. Усе папярэднія перамовы пастаянна заходзілі ў тупік, і гэта настолькі безвыходная сітуацыя, што ўдзельнікі шукаюць любыя магчымыя варыянты для змены пазіцыі бакоў.
У ход ідуць нават заклікі да змены ключавых гульцоў. Праўда, чамусьці гаворка пра змену Зяленскага на кагосьці згаворлівага. Бо Пуцін «класава блізкі» і больш зразумелы сённяшняму амерыканскаму істэблішменту.
Дызельная здзелка — яскравейшы, але не адзіны факт, які сведчыць на карысць гэтага тэзісу. У прыватнасці, NYT узгадвае пра план Трампа адносна зняцця санкцый з Расійскага фонду прамых інвестыцый (РФПІ), які ўзначальвае Кірыл Дзмітрыеў — спецпрадстаўнік Пуціна па эканамічных пытаннях. У 2022 годзе адміністрацыя Байдэна назвала фонд «кашальком» Пуціна і ўвяла супраць яго санкцыі. Стратэгія Белага дома — прывабіць РФ да ідэі міру праз перападключэнне яе да сусветнай эканомікі.
Рызыкоўная ідэя, бо яна толькі ўмацоўвае Крэмль у правільнасці сваіх дзеянняў і не толькі не спыняе вайну, але і надае агрэсару новыя сілы дзякуючы эканамічным перавагам.
У той жа час міністр замежных спраў Польшчы Радослав Сікорскі нагадвае пра сапраўдныя прычыны вядзення вайны. Расія не абмяжуецца выхадам на адміністрацыйныя межы Данбаса. Для аднаўлення імперскай велічы, што і ёсць сапраўднымі прычынамі вайны, Крэмлю патрэбная ўся Украіна. У тым ці іншым статусе — цалкам залежная ад волі Масквы тэрыторыя.
Паводле міністра, тэрытарыяльныя ўступкі могуць даць толькі часовае зацішша, але не ліквідуюць прычыну агрэсіі. Сікорскі лічыць памылковай ідэю даць Пуціну «захаваць твар». Атрыманне новых тэрыторый не спыніць вайну.
Па вялікім рахунку, улады Расіі ніколі не хавалі сваіх тэрытарыяльна-палітычных інтарэсаў у Еўропе. У шырокім сэнсе Пуцін імкнецца да аднаўлення максімальнага кантролю над былымі калоніямі і залежнымі дзяржавамі, і ў такую зону інтарэсаў трапляюць не толькі былыя савецкія рэспублікі — Украіна, Беларусь і краіны Балтыі, але і дзяржавы Цэнтральнай Еўропы.
На карысць таго, што чарговы раунд перамоў хутчэй бутафорыя, чым прастора для дасягнення выніку, сведчыць і змест нядаўняй размовы Пуціна з кіраўнікамі Нарвегіі і Фінляндыі.
Financial Times сцвярджае, што бальшыню паўтарагадзіннай размовы лідараў краін заняла лекцыя пра сярэднявечную гісторыю славян. Што сведчыць пра тое, што расійская эліта жыве ў сваім паралельным вымярэнні і праве. І пакуль мэты аднаўлення імперскай велічы не будуць дасягнутыя, суседзям Расіі не варта разлічваць на доўгі і ўстойлівы мір.
Ёсць таму і іншыя фактычныя пацвярджэнні: у 2025 годзе расійская абаронная кампанія TRV-Engineering закупіла амаль 278 тысяч сервапрывадоў — кампанентаў для стварэння модуля кіравання авіябомбамі. Гэта прыблізна 139 тысяч камплектаў, якія ператвараюць авіябомбы ў КАБы — кіраваныя авіяцыйныя боепрыпасы, што цяпер сцераюць у пыл украінскія гарады.
І гэта толькі адзін радок у доўгім спісе. Расія рыхтуецца да працяглай і разбуральнай вайны дзеля задавальнення сваіх амбіцый.
Сяргей Кавальчук, «Салідарнасць»