Беларусам дазволілі купляць ювелірныя вырабы праз інтэрнэт
- 29.10.2026, 18:42
Раней такі парадак уводзіўся толькі на абмежаваны тэрмін.
Дыктатар Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 кастрычніка падпісаў указ №393 «Аб гандлі маркіраванымі ювелірнымі вырабамі».
Дакумент надае беларускім суб'ектам гаспадарання, што працуюць на ювелірным рынку, права ажыццяўляць дыстанцыйны гандаль айчыннымі ювелірнымі вырабамі з выкарыстаннем сеткі інтэрнэт пры ўмове іх маркіроўкі сродкамі ідэнтыфікацыі.
Указ дазволіць вытворцам ювелірных вырабаў нарошчваць прысутнасць на ўнутраным рынку і павысіць канкурэнтаздольнасць сваёй прадукцыі за кошт прыцягнення больш шырокага кола спажыўцоў.
Як паведамлялася, раней дазвол на гандаль ювелірнымі вырабамі такога кшталту ўсталёўваўся ў адпаведнасці з указамі і дзейнічаў на працягу пэўнага прамежку часу. Напрыклад, папярэдні раз гэта было згодна з указам ад 10 лютага 2025 года №52. Цяпер часовыя абмежаванні знятыя, і дазвол будзе дзейнічаць на пастаяннай аснове.