Упаўнаважаная прэзідэнтка Венесуэлы паабяцала правесці выбары
- 29.10.2026, 20:36
Дэльсі Радрыгес заявіла, што ўрад гарантуе ўдзел усіх палітычных сілаў у жыцці краіны.
У Венесуэле адбудуцца выбары. Пра гэта падчас звароту да нацыі заявіла ўпаўнаважаная прэзідэнтка Дэльсі Радрыгес, перадае Telesur.
«Выбары будуць, як таго патрабуе Канстытуцыя, арганізаваныя абноўленымі выбарчымі ўладамі, свет будзе таму сведкам», — сказала яна.
Да гэтага Радрыгес заявіла, што ўрад гарантуе ўдзел усіх палітычных сілаў у жыцці краіны.
3 студзеня 2026 года ЗША нанеслі авіяўдары па ваенных аб'ектах у Венесуэле і правялі сухапутную аперацыю, падчас якой арыштавалі дыктатара Мадура і яго жонку. Іх вывезлі ў ЗША, дзе ён паўстаў перад судом па абвінавачанні ў наркатэрарызме, захоўванні зброі і кантрабандзе наркотыкаў. Пасля захопу Мадура краіну ўзначаліла віцэ-прэзідэнтка Дэльсі Радрыгес.
Як паведамляў Charter97.org, раней у Венесуэлу вярнулася лідар венесуэльскай апазіцыі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2025 года Марыя Карына Мачада.