BE RU EN

Зюганаў: Расія можа праваліцца ў 90-я

  • 29.10.2026, 23:25

Галоўны камуніст Расіі хоча напоўніць бюджэт РФ укладамі расіян.

У Дзярждуме Расіі зноў прагучала прапанова выкарыстаць банкаўскія ўклады грамадзян РФ, каб папоўніць федэральны бюджэт, які з'ядае вайна, перадае «Дыялог».

З такой заявай у парламенце выступіў лідар расійскіх камуністаў Генадзь Зюганаў. У чэрвені кіраўнік КПРФ ужо выступаў з аналагічным заклікам, але пазней у партыі пачалі сцвярджаць, што яе лідара нібыта не так зразумелі.

На гэты раз Зюганаў указаў на тое, што ў расійскіх банках ляжаць 130 трлн рублёў, укладзеных расіянамі і калектывамі. Паводле яго падлікаў, гэта эквівалент трох бюджэтаў РФ.

«Калі паглядзець грошы, якія ўклалі ў банкі і грамадзяне, і калектывы, — яшчэ 130 трлн у рублях, гэта яшчэ тры бюджэты. У вас на стале ляжыць пяць бюджэтаў, і вы не можаце выдзеліць грошы?» — сказаў кіраўнік КПРФ.

Ён таксама заклікаў павялічыць падаткі для звышбагатых і «узяць» у расійскіх мільярдэраў 700 млрд долараў.

Акрамя таго, Зюганаў заявіў пра падзенне інвестыцый у расійскую эканоміку і папярэдзіў, што такім чынам Расія можа «праваліцца ў 90-я гады».

«Без інвестыцый ніякіх цудаў не бывае», — дадаў галоўны камуніст Расіі.

Зюганаў таксама звярнуў увагу на спад у 11 галінах вытворчасці, у прыватнасці ў металургіі, і адзначыў, што трэць расійскіх прадпрыемстваў сталі стратнымі.

Акрамя гэтага, кіраўнік КПРФ указаў на тое, што РФ займае ажно 82-е месца ў свеце па ВУП на душу насельніцтва, а таксама без шанцаў прайграе касмічную гонку ЗША і Кітаю.

«У ЗША сёлета 129 запускаў (ракетаў у космас — рэд.), Кітай — 72, у нас — 13», — дадаў ён.

Апошнія навіны