Культавы Citroën 2CV адрадзяць
- 6.10.2026, 9:41
Навінка будзе каштаваць менш за €15 тысяч.
Citroën апублікаваў новыя фатаграфіі адроджанага 2CV напярэдадні афіцыйнай прэм’еры. Электрамабіль будзе вылучацца дызайнам з характэрнымі рысамі арыгінальнай мадэлі і павінен стаць найбольш даступным аўтамабілем маркі.
Пра гэта піша выданне Autocar.
На новых фота відаць купалападобныя фары, усталяваныя высока на пярэдніх крылах, а таксама глыбокія рэбры на капоце, якія нагадваюць элементы ранніх мадэляў 2CV. Паміж пярэднімі крыламі і капотам размешчаны адкрыты паветравод — падобнае рашэнне выкарыстоўвалася на пазнейшых версіях арыгінальнай мадэлі.
Новы 2CV атрымаў вялікія стальныя колы з шынамі Michelin. Такім чынам вытворца нагадвае пра значную ролю кампаніі Michelin у распрацоўцы арыгінальнага аўтамабіля.
Праект адраджэння 2CV кампанія Citroën разглядае як спосаб умацаваць свае пазіцыі на еўрапейскім рынку даступных аўтамабіляў. Чакаецца, што мадэль стане базавай у лінейцы брэнда і зойме прамежкавае месца паміж квадрацыклам Ami і кампактным C3.
Новы 2CV стане электрамабілем. Паводле кіраўніка Citroën Ксав’е Шардона, гэтая мадэль павінна зрабіць электрамабільнасць больш даступнай для пакупнікоў.
Раней Citroën пацвердзіў, што цана аўтамабіля складзе менш за 15 000 еўра. Мадэль таксама распрацоўвалася з улікам прапанаваных у ЕС правілаў для новага класа малалітражных электрамабіляў, якія павінны стымуляваць вытворчасць такіх машын у Еўропе.
Афіцыйная прэм’ера новага Citroën 2CV запланавана на 18:00 11 кастрычніка.