У Беларусі пачалі дзейнічаць новыя правілы для прыватных дамоў
- 6.10.2026, 10:40
Яны закрануць многіх уладальнікаў.
У Беларусі пачалі дзейнічаць новыя правілы, якія датычацца прыватных дамоў, паведаміў Realt. Пастанова Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва № 70 ужо апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Згодна з новай рэдакцыяй дакумента, дом нельга будаваць бліжэй чым на тры метры да мяжы суседняга ўчастка, а гаспадарчыя пабудовы — бліжэй чым на два метры.
Такое правіла існуе даўно, але цяпер з яго прыбралі важную агаворку. Раней было ўдакладненне, што ўладальнікі сумежных участкаў могуць дамовіцца, і тады будаваць можна было на якой заўгодна адлегласці. Цяпер такой магчымасці няма.
Нягледзячы на ўзмацненне правілаў, з ужо існуючымі блізка размешчанымі дамамі і гаспадарчымі пабудовамі нічога рабіць не трэба.
Аднак праводзіць іх рэканструкцыю можна толькі ў межах існуючай плошчы і габарытаў.
Пашырацца па-ранейшаму можна, але не ў бок суседняга ўчастка. Прасцей кажучы, прыбудоўваць нешта з боку суседа або рухаць сцяну бліжэй да плота цяпер нельга ні пры якіх умовах.
Таксама з'явіцца растэрміноўка для тых, хто хоча легалізаваць самавольна заняты зямельны ўчастак.
Але частку сумы ўсё роўна давядзецца ўнесці адразу, і яна не павінна быць меншай за 25% поўнага кошту.
Пастанову аб парадку прадастаўлення растэрміноўкі падпісаў прэм'ер-міністр. Каб яе атрымаць, трэба падаць заяву ў мясцовыя органы ўлады.
«[Яго можа падаць. — заўв.] зацікаўленая асоба асобна ад заявы аб прадастаўленні самавольна занятага ўчастка, але да прыняцця рашэння аб легалізацыі», — удакладнілі ў Савміне.
Памер часткі платы за права легалізацыі вызначае выканкам, але сума не можа быць меншай за 25% усяго доўгу.
Ёсць і абмежаванне па часе: растэрміноўка не можа перавышаць пяць гадоў.