Лукашэнка выдаў свой страх перад дронамі
- 6.10.2026, 11:03
Дыктатар патрабуе ад вучоных іх «абнуліць».
Лукашэнка чарговы раз вярнуўся да тэмы, якая, падаецца, не адпускае яго ўжо некалькі месяцаў, і запатрабаваў ад беларускіх вучоных знайсці ўправу на беспілотнікі. Сёння, 6 кастрычніка, ён прыехаў на выпрабавальны палігон Інстытута парашковай металургіі імя акадэміка А. В. Рамана, дзе для яго ўладкавалі выставу вайсковых і грамадзянскіх распрацовак.
Дыктатар засумняваўся, што ўкладзеныя ў навуку дзяржаўныя грошы даюць патрэбную аддачу.
«Гэта істотныя дзяржаўныя ўкладанні. Яны даюць той вынік, які могуць даваць і які патрэбны нам? Мы маем тую аддачу, якую павінны мець? Агульныя размовы нікому не патрэбныя. Задачы надзвычайныя. Іх трэба вырашаць імгненна. Без навукі нікуды», — заявіў ён, перадае яго прэс-служба.
У якасці галоўнай задачы Лукашэнка назваў стварэнне эфектыўнага сродку супраць дронаў, прычым зрабіць гэта трэба неадкладна.
«Калі мы разумныя, баяздольныя, прасунутыя, з характарам, дык зрабіце гэта. Нам трэба абнуліць беспілотнікі. Гэтую задачу вырашаюць самыя перадавыя краіны і кампаніі», — сказаў ён.
Гэтае патрабаванне гучыць не ўпершыню. На пачатку жніўня на нарадзе па стварэнні Акадэміі інтэлектуальных тэхналогій Лукашэнка ўжо спадзяваўся, што ў сценах новай установы вынайдуць «спецыфічны наймагутнейшы сродак барацьбы з беспілотнікамі», які «абнуліць у свеце ўсе гэтыя беспілотнікі».