BE RU EN

Беларуская «Прадмова» прайшла ў польскім Уроцлаве

  • 6.10.2026, 11:14

Беларусам прадставілі шэраг кніжных навінак.

Фестываль беларускай інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» ў 2018 годзе прыдумалі незалежныя беларускія пісьменнікі, выдаўцы і менеджары культуры. Яны хацелі стварыць унікальную прастору для развіцця мастацкай, навуковай і філасофскай літаратуры. Назва фестывалю сімвалізавала новы пачатак і старт дыскусіі пра стан сучаснай культуры і грамадства, паведамляе «Польскае радыё».

Апошняе мерапрыемства адбылося ў Беларусі ў кастрычніку 2020 года, падчас масавых пратэстаў. З-за жорсткіх рэпрэсій супраць выдаўцоў і аўтараў працаваць у краіне стала немагчыма. Каб выратаваць праект і захаваць незалежную культуру, у 2022 годзе «Прадмова» пераехала за мяжу. Сёлета «Прадмова» ў пяты раз праходзіць за мяжой, наведваючы розныя еўрапейскія краіны. Гэтым разам яна адбылася ў польскім Уроцлаве, дзе жыве вялікая беларуская супольнасць.

«Шчыра кажучы, ва Уроцлаве я жыву ўжо тры гады і, напэўна, гэта адно з самых буйных мерапрыемстваў, якія праводзіліся менавіта беларускай супольнасцю. Таму ўсяго было шмат. З пункту гледжання арганізацыі, канешне, таксама было шмат цікавага, месцамі было складана. Але мы змаглі ўсё зрабіць дзякуючы нашай супольнасці: яна ў нас даволі моцная і вельмі дружная», — распавёў тэхнічны арганізатар фестывалю «Прадмова» ва Уроцлаве Аляксей Картыннік.

«Калі трэба было знайсці валанцёраў, усе нашыя сябры адгукнуліся вельмі хутка. За тыдзень мы знайшлі ўсіх, хто быў патрэбны. Выдатна спрацавалі і нашыя польскія партнёры. Яны проста малайцы: без лішніх пытанняў нам усё дазволілі, усё далі. Гэта Ossolineum. Як інстытуцыя яны дапамагаюць, у тым ліку ўкраінскай і беларускай супольнасцям, прадстаўляць літаратурныя творы і наогул падтрымліваюць развіццё літаратурнага кірунку», — дадаў ён.

Паводле словаў Картынніка, перад любым мерапрыемствам ён моцна перажывае і хоча, каб усё ішло дакладна паводле плану. «Тут так, як я люблю, не было: усё адбывалася вельмі хутка. Але ўжо ў дні самога фестывалю я супакоіўся і зразумеў, што ёсць каманда, на якую можна цалкам пакласціся. Вось ужо апошні дзень: ніякіх сур'ёзных эксцэсаў не было, усё прайшло вельмі здорава», — адзначыў арганізатар.

«Уроцлаў заўсёды ўражвае. Па-першае, сваёй асаблівай публікай. Беларусы ва Уроцлаве — гэта нешта захапляльнае. Заўсёды прыходзіць шмат людзей. Такога аншлага, як на музычна-паэтычным вечары, я даўно не бачыў на беларускіх мерапрыемствах. Людзі сапраўды стаялі ў калідоры, бо ў зале ўжо не было вольных месцаў нават пасля таго, як паставілі дадатковыя крэслы. Спевы, вершы і апладысменты былі чутныя далёка. Даводзілася адчыняць вокны, бо нават паветра не хапала: столькі сабралася людзей», — распавёў Павел Лагчылаў з выдавецтва «Rozum Media» (Познань).

«Па-другое, уроцлаўская публіка заўсёды вельмі цікавіцца кніжнымі навінкамі і купляе кнігі літаральна па некалькі торбаў. Людзі сыходзяць з кірмашу з поўнымі чамаданамі і заплечнікамі, і так адбываецца ўжо трэці дзень. У нас асабіста разабралі амаль усе кнігі: ад многіх назваў застаўся літаральна па адным асобніку», — дадаў ён.

На думку Лагчылава, вялікая частка такога кірмашу — гэта размовы. «Ты не проста прадаеш кнігу, а з кожным патэнцыйным чытачом гаворыш пра нешта цікавае. Таму ва Уроцлаве такія фестывалі можна праводзіць нават часцей», — падкрэсліў выдавець.

«Мы вельмі задаволеныя. Мы тут упершыню, і адзін з галоўных акцэнтаў зрабілі на нашай французскай калекцыі, або серыі «Франкафоніка», як мы яе называем. Упершыню мы прадставілі «Франкафоніку» цэлым блокам. Раней былі асобныя аўтары і асобныя кнігі, а тут атрымалася паказаць усю серыю», — паведаміў Уладзь Гарбацкі з лонданскага выдавецтва Skaryna Press.

«І, вядома, была навінка: кніга Сімоны дэ Бавуар «Вельмі лёгкая смерць». Гэта своеасаблівая візітоўка гэтай серыі і нашага выдавецтва. Мы якраз яе прэзентавалі, і сама прэзентацыя выклікала вялікую цікавасць. За гэтыя тры дні кніга стала ў нас лідарам продажаў», — дадаў ён.

«Я таксама прадстаўляю выдавецтва «Сведкі», у межах якога выходзяць кнігі — сведчанні злачынстваў, якія сёння беларуская дзяржава здзяйсняе ў дачыненні да палітвязняў і людзей, нязгодных з афіцыйнай ідэалогіяй», — распавяла Тацяна Недбай з выдавецтва «Полацкія лабірынты».

«У межах гэтага выдавецтва выйшлі кніга Ігара Карнея «Пыткі: адзінота, інкамунікада», кніга пра справу Віктара Бабарыкі, кніга Сабіны Брыло і іншыя выданні. Падчас гэтага кніжнага кірмашу мы прэзентавалі гэтыя кнігі. Адбылася таксама імпрэза з удзелам Максіма Знака і прэзентацыя ягонай кнігі «Каланісты». Усё гэта мела даволі вялікі поспех і вельмі добры водгук у публікі, сабранай ва Уроцлаве. Таму асабіста я вельмі задаволеная і ўдзелам у кніжным кірмашы, і самою фестывальнай праграмай «Прадмовы»», — падсумавала яна.

Апошнія навіны