BE RU EN

Еўропа рыхтуе жорсткі адказ на гібрыдныя атакі з боку РФ

  • 6.10.2026, 12:59

Сталі вядомыя першыя дэталі новага пакета санкцый супраць Масквы.

Еўразвяз у межах новага пакета санкцый супраць РФ можа ўвесці дадатковыя абмежаванні ў дачыненні да расійскіх дыпламатаў.

Аб гэтым піша Euronews са спасылкай на інсайдэрскую інфармацыю з еўрапейскіх дыпламатычных колаў.

Паводле звестак Euronews, у Еўразвязе вельмі занепакоеныя ўзмацненнем гібрыднай вайны Расіі супраць еўрапейскіх краін. Гучаць меркаванні, што да гібрыдных атак могуць быць датычныя расійскія дыпламаты.

У сувязі з гэтым у межах новага пакета санкцый супраць Масквы могуць быць уведзеныя дадатковыя абмежаванні на перамяшчэнне расійскіх дыпламатаў па Старым Кантыненце.

Акрамя таго, прапануецца ўзмацніць праверкі дыпламатаў РФ. Адпаведныя магчымасці цяпер абмяркоўваюць у Бруселі, але кансультацыі знаходзяцца на ранняй стадыі.

У Еўропе лічаць, што Расія спрабавала здзейсніць правакацыю з беспілотнікам у аэрапорце Лейпцыга (Германія), а таксама датычная да падпалу абароннага прадпрыемства ў Эстоніі.

У верасні з Венгрыі выслалі 10 расійскіх дыпламатаў па абвінавачанні ў дзейнасці, несумяшчальнай з Венскай канвенцыяй 1961 года.

У 2025 годзе ў Еўразвязе ў межах 19-га пакета санкцый у дачыненні да Расіі за яе вайну супраць Украіны ўвялі абмежаванні для расійскіх дыпламатаў. Цяпер яны павінны паведамляць пра свае будучыя паездкі ў іншыя еўрапейскія краіны.

Апошнія навіны