ЗСУ накрылі скупчэнне расейцаў у Данецкім аэрапорце перад запускам «Шахеда»
- 6.10.2026, 15:17
У момант атакі акупанты фатаграфаваліся побач з машынай.
Украінскае падраздзяленне Cursed Empire апублікавала відэа ўдару па расейскіх вайскоўцах на пляцоўцы запуску беспілотнікаў у Данецкім аэрапорце.
У момант атакі расейцы фатаграфаваліся побач з машынай, якую выкарыстоўвалі для запуску рэактыўнага дрона. На пляцоўцы знаходзіліся трое расейскіх вайскоўцаў — усе яны загінулі.
Група стаяла каля пікапа, адзін з іх сядзеў на квадрацыкле. Машына прызначалася для разгону беспілотніка перад узлётам. Акупанты да апошніх секунд не рэагавалі на набліжэнне ўкраінскага дрона — яны працягвалі фатаграфавацца і не спрабавалі схавацца.
Удар прыйшоўся па пляцоўцы падрыхтоўкі да вылету, на кадрах відаць прыцемкі і ўзлётна-пасадачную паласу аэрадрома.
Акупацыйныя войскі ператварылі разбураны Данецкі аэрапорт у маштабную перадавую базу для падрыхтоўкі і запуску ўдарных беспілотнікаў. Паводле звестак Інстытута вывучэння вайны (ISW) і матэрыялаў спадарожнікавай разведкі, захопнікі дэмантавалі частку старых абарончых збудаванняў, уладкавалі склады боепрыпасаў, пляцоўкі для паліва і ўзвялі больш за 130 спецыяльных укрыццяў для дронаў тыпу Shahed, «Гербера» і іх рэактыўных мадыфікацый.