Трамп і Пуцін абмяркуюць чуму ў Расіі
- 7.10.2026, 7:37
Размова адбудзецца ў бліжэйшы час.
Прэзідэнт ЗША і расійскі дыктатар у бліжэйшы час правядуць тэлефонную размову, каб абмеркаваць магчымы выпадак лёгачнай чумы ў Іркуцкай вобласці.
Пра гэта паведамляе Associated Press.
Паводле слоў амерыканскага прэзідэнта, з Пуціным ён пагаворыць «зусім хутка». На пытанне пра ацэнкі амерыканскай разведкі Трамп адказаў, што ЗША вядуць «занадта глыбокія абмеркаванні» гэтай тэмы.
«Мы зможам паведаміць пра гэта, верагодна, заўтра», - дадаў ён.
Напярэдадні Трамп заявіў, што ЗША гатовыя дапамагчы Расіі, назваўшы чуму «цяжкай хваробай», узбуджальнікі якой сталі мацнейшымі, «як армія».
У Сусветнай арганізацыі аховы здароўя рызыка распаўсюджвання хваробы за межы Расіі была ацэненая як «вельмі нізкая». У арганізацыі паведамілі, што падтрымліваюць сувязь з расійскімі ўладамі.
Афіцыйна ў Расіі смерць супрацоўніцы процічумнага інстытута дагэтуль тлумачаць пнеўманіяй невядомага паходжання.
Выпадак чумы адбыўся на пачатку кастрычніка. У ноч на 2 кастрычніка ў бальніцы Шэлехава памерла 28-гадовая лабарантка Іркуцкага процічумнага інстытута, якая, паводле звестак мясцовых СМІ, за тыдзень да гэтага разбіла прабірку з узбуджальнікам лёгачнай чумы. Каля 200 чалавек, якія з ёй кантактавалі, ізалявалі.
6 кастрычніка пасольства ЗША ў Маскве абнародавала афіцыйнае папярэджанне аб падазрэнні на лёгачную чуму. Амерыканцам нагадалі, што яны павінны неадкладна выехаць з Расіі, а тым, хто нядаўна знаходзіўся ў рэгіёне, параілі сачыць за здароўем на працягу 14 дзён.