Крыста Пайк, якая выжыла пасля двух смяротных ін'екцый, прыйшла ў прытомнасць
- 7.10.2026, 8:58
Беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі ЗША.
50-гадовая амерыканка Крыста Пайк, асуджаная ў ЗША на смяротнае пакаранне і якая выжыла пасля двух смяротных ін'екцый, «насуперак усяму прыйшла ў прытомнасць і можа размаўляць», паведамілі яе адвакаты ў аўторак, піша Бі-бі-сі.
Як вынікае з іх заявы, Пайк працягвае лячэнне ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі бальніцы штата Тэнэсі, куды яна трапіла ў непрытомным стане на мінулым тыдні пасля спробы выканання прысуду — увядзення ёй двух ін'екцый пентабарбіталу, якія тым не менш не пазбавілі яе жыцця.
Увесь гэты час лекары займаліся выведзеннем пентабарбіталу з яе арганізма.
Заканадаўства ЗША прадугледжвае, што асуджанаму да смяротнага пакарання могуць быць зроблены толькі дзве такія ін'екцыі.
Пайк утрымліваюць у бальніцы ў наручніках і кайданах, прыкаваную да ложка, нягледзячы на пашкоджанні, якія яна атрымала падчас увядзення ёй ін'екцый, паведамілі адвакаты.
Напярэдадні выканання прысуду абарона Пайк папярэджвала, што асаблівасці будовы яе вен могуць ускладніць яе пакаранне смерцю і прынесці ёй «звышмерныя пакуты».
Як заявілі адвакаты Пайк, тое, што яна прыйшла ў прытомнасць пасля двух няўдалых спробаў выканаць смяротны прысуд, — «беспрэцэдэнтна з медыцынскага пункту гледжання». Нягледзячы на тое, што прагноз па-ранейшаму застаецца няпэўным, «прынамсі, мы чакаем працяглага аднаўлення», — сказана ў заяве яе абаронцаў.
Пайк — адзіны вядомы выпадак у гісторыі ЗША, калі прыгавораны да смерці застаўся ў жывых пасля даведзенай да канца спробы пакарання, нагадалі яны.
Што будзе далей, застаецца незразумела: улады Тэнэсі пакуль не паведамілі, ці будуць яны спрабаваць яшчэ раз выканаць прысуд.
Аднак губернатар Тэнэсі Біл Лі прыпыніў правядзенне пакаранняў смерцю па ўсіх смяротных прысудах да канца года, а кіраўнік турэмнай сістэмы штата заявіў мінулых выхадных, што плануе сысьці ў адстаўку.
Адзін з яе адвакатаў, Стывен Фэрэл, раней заклікаў губернатара «прынамсі» замяніць Пайк смяротны прысуд на пажыццёвае зняволенне. «Яна перажыла мучальную спробу пакарання смерцю, — растлумачыў ён. — А да таго яна правяла ў турме больш за 30 гадоў, большую частку гэтага часу — у адзіночнай камеры. Мы пакуль не ведаем — і, магчыма, ніколі не даведаемся — якім пакутам яна падвяргалася ў гэты час».
Пайк было 18 гадоў, калі яна і яе тагачасны 17-гадовы бойфрэнд Тадарыл Шып збілі, катавалі і забілі 19-гадовую Калін Слемер, з якой яны пазнаёміліся ў лагеры для праблемных падлеткаў. Пайк магла стаць першай за 200 гадоў жанчынай, пакаранай смерцю ў Тэнэсі.
Прадстаўнікі пенітэнцыярнай сістэмы ЗША пакуль не рабілі заяў, якія б пралівалі святло на тое, чаму нават дзве ін'екцыі, кожная з якіх павінна была быць смяротнай, не змаглі пазбавіць Пайк жыцця.
Анестэзіёлаг Джоэл Зівот, які кансультаваў каманду абароны Крысты Пайк, заявіў, што дзвюх доз пентабарбіталу, якія былі ёй уведзены, было б дастаткова, каб «яна напэўна памерла», калі б рэчыва трапіла ў крывацёк.
Паводле Зівота, магчыма, што ін'екцыі апынуліся не ўнутрывеннымі, а падскурнымі, то бок пентабарбітал не трапіў у крывяносную сістэму жанчыны, а распаўсюдзіўся па тканках пад скурай, што і ўратавала ёй жыццё.
Адвакаты Пайк раней папярэджвалі, што яе анамнез і анатамічныя асаблівасці — у тым ліку трамбацытоз (захворванне, звязанае са згусальнасцю крыві) і дробныя вены — могуць прывесці да таго, што падчас смяротнай ін'екцыі яна адчуе «непатрэбны» боль і пакуты.
Якія наступствы будуць у Пайк ад двух смяротных доз пентабарбіталу, медыкі пакуль не ведаюць. На думку Зівота, з-за затрымкі з аказаннем Пайк медыцынскай дапамогі пасля другой ін'екцыі ў яе «вельмі магчыма» пашкоджанне мозгу, але для гэтага спатрэбіцца правесці «якаснае неўралагічнае абследаванне».
«Навад пры выкарыстанні ўсіх даступных метадаў лячэння яе шанцы на выжыванне застаюцца няпэўнымі», — сказаў ён некалькі дзён таму, калі Пайк яшчэ была без прытомнасці. Па яго меркаванні, у Пайк, хутчэй за ўсё, будуць «сур'ёзныя медыцынскія праблемы, якія могуць істотна паўплываць» на якасць яе жыцця.
Бі-бі-сі звярнулася да Зівота па каментар пасля таго, як Пайк прыйшла ў прытомнасць, і чакае адказу.
Дэбора Дэнна, крымінолаг і прафесар юрыдычнага факультэта Універсітэта Фордхэма, заявіла Бі-бі-сі, што яна «цалкам шакаваная» тым, што Пайк у прытомнасці і размаўляе, назваўшы гэты выпадак «беспрэцэдэнтным».
Паводле яе слоў, Пайк — толькі восьмая з тых, хто перажыў спробу пакарання смерцю шляхам смяротнай ін'екцыі. Аднак у сямі папярэдніх выпадках выканаўцам нават не ўдавалася ўвесці што-небудзь у вены зняволеных.
Пайк — «адзіны чалавек, якому насамрэч увялі нейкі таксін», — патлумачыла Дэнна.