Мінчанін адкрыў «востраўчык мінулага» перад уваходам у Акадэмію навук
- 7.10.2026, 17:06
Унікальнае фота сярэдзіны мінулага стагоддзя.
Аказваецца, яшчэ 70 гадоў таму ландшафт цэнтральнай часткі Мінска моцна адрозніваўся ад сучаснага. Карыстальнік Threads распавёў і паказаў, як выглядала мясцовасць у раёне Акадэміі навук.
«Раскалераваў і палепшыў якасць рэдкага фота Мінска пачатку 1950-х гадоў мінулага стагоддзя, — піша ён. — Гэта не мантаж: падчас выраўноўвання праспекта грунт перад Акадэміяй навук зрэзалі на некалькі метраў, і стары драўляны дом сапраўды пэўны час узвышаўся на ўзгорку зямлі проста перад уваходам».
Карыстальнікі сацсеткі назвалі дом на ўзгорку, адлюстраваны на фота, «востраўчыкам мінулага» і звярнулі ўвагу на тое, наколькі зялёным быў цэнтр Мінска.
Аўтарам здымка з'яўляецца Віталій Купчынаў — фоталюбіцель і калекцыянер, аўтар унікальных гістарычных архіўных здымкаў Мінска 1940-х — 1950-х гадоў.
Яго дэталёвыя гарадскія фатаграфіі часта публікуюцца ў гісторыка-краязнаўчых супольнасцях сталіцы Беларусі.