У Гомелі выставілі на таргі рарытэтны Cadillac з 90-х
- 7.10.2026, 17:26
Амерыканская класіка прастаяла ў гаражы апошнія 10 гадоў.
На таргах «Белюробеспечения» з'явіўся цікавы лот, які прыцягне ўвагу аматараў амерыканскай класікі.
З аўкцыёну маюць намер прадаць Cadillac Seville 1995 года выпуску. У апісанні сказана, што машына прастаяла ў гаражы апошнія 10 гадоў, таму і прабег адпаведны – 125 526 кіламетраў.
Седан абсталяваны аўтаматычнай каробкай перадач і бензінавым рухавіком аб'ёмам 4,6 літра.
Адзначаецца, што на кузаве ёсць нязначныя пашкоджанні фарбы, але прадавец не выключае, што магчымыя схаваныя няспраўнасці.
Пачатковы кошт складае 16 740 рублёў, да таго ж давядзецца заплаціць 271,82 рубля за арганізацыю і правядзенне таргоў. Аўкцыён запланаваны на 20 кастрычніка.