BE RU EN

У Беларусі выпусцяць новую залатую манету

  • 7.10.2026, 18:49

Яе намінал — 100 рублёў.

У Беларусі выпусцяць новую залатую інвестыцыйную манету «Славянка».

У зварот яна паступіць 20 кастрычніка 2026-га, але купіць яе адразу, хутчэй за ўсё, не атрымаецца.

Дату пачатку продажаў Нацбанк назаве асобна.

Намінал манеты — 100 рублёў, хоць яе рэальная вартасць, вядома, будзе нашмат вышэй.

«Славянку» вырабілі з золата 999,9-й прабы, яна важыць 15,55 г. Тыраж абмежавалі да 1000 асобнікаў.

На адным баку — герб Беларусі, намінал, год выпуску, праба золата і маса. На другім — маладая жанчына з дзіцем на руках і дзве райскія птушкі.

Над кампазіцыяй размясцілі назву манеты — «Славянка».

Як удакладнілі ў Нацбанку, яе адчаканілі на гомельскім прадпрыемстве «Крышталь».

Дадамо таксама, што, нягледзячы на калекцыйны і інвестыцыйны характар, «Славянка» афіцыйна лічыцца плацежным сродкам.

То-бок тэарэтычна ёю можна разлічыцца як звычайнымі 100 рублямі.

Апошнія навіны