Расіяне забілі тры пакаленні ўкраінскай сям'і ракетным ударам у Прылуках
- 7.10.2026, 20:59
Загінулі бабуля, яе дачка і аднагадовы ўнук.
У выніку ракетнага ўдару РФ па шматпавярховым доме ў Прылуках Чарнігаўскай вобласці 7 кастрычніка загінула ўся сям'я — 58‑гадовая Вікторыя Бандарэнка, яе 37‑гадовая дачка Кацярына Анціпенка і аднагадовы ўнук Саша. Яшчэ адна ўнучка — Вольга — выжыла.
Пра гэта паведамляе «Суспільне».
Сям'я жыла на пятым паверсе дома, у які трапіла расійская ракета. Пра гібель «Суспільнаму» распавяла кума загінулай Вікторыі Бандарэнкі.
Па яе словах, 58‑гадовая Вікторыя дома даглядала малодшага ўнука Аляксандра, якому быў адзін год і дзевяць месяцаў. Дачка Вікторыі — 37‑гадовая Кацярына — працавала на тытунёвай фабрыцы, каб пракарміць сям'ю.
«Муж Кацярыны ўжо даўно працуе за мяжой. Ён ужо едзе дадому», — кажа жанчына.
Паводле слоў Ларысы Галіч, пра тое, што з-пад завалаў выратавальнікі дасталі целы Кацярыны і яе сына Аляксандра, ёй паведамілі каля 12:00. Старэйшая дачка Вольга выжыла.
«Яна была ў тым пакоі, што выходзіць у двор. Яе забралі сваякі», — расказала яна.