Пад Слуцкам муж і жонка зладзілі вулічныя гонкі
- 7.10.2026, 22:09
Чатыры чалавекі атрымалі сур'ёзныя траўмы.
Следчыя завяршылі расследаванне ДТЗ, якое адбылося падчас нелегальных вулічных гонкаў у Слуцкім раёне. У аварыі пацярпелі чатыры чалавекі, паведамілі ў Следчым камітэце.
Усё адбылося вечарам 26 ліпеня 2025 года каля вёскі Вялікі Быкаў: там зладзілі несанкцыянаваныя гонкі. Паводле звестак следства, 32-гадовая мясцовая жыхарка на Range Rover вырашыла паспаборнічаць у хуткасці са сваім мужам, які кіраваў Subaru Impreza.
Пасля фінішу аўтамабілі развярнуліся. Subaru пачаў зніжаць хуткасць, а Range Rover працягнуў рух са хуткасцю не менш як 100 км/г пры дазволеных 90 км/г.
Пазадарожнік жанчыны сутыкнуўся з машынай мужа, пасля чаго выехаў на абочыну, збіў траіх пешаходаў і пратараніў прыпаркаваны Volkswagen Golf, у якім знаходзілася пасажырка.
18-гадовая жыхарка Салігорска атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні. Сужэнскай паре, якая апынулася на абочыне, прычынены менш цяжкія пашкоджанні з працяглым разладам здароўя.
Траўмы пасажыркі Volkswagen эксперты таксама прызналі цяжкімі — яе твар абязвечаны.
Следства ўстанавіла, што тармазная сістэма Range Rover сапраўды была няспраўная: заржавеў трубаправод задняга левага кола. Аднак эксперты прыйшлі да высновы, што вадзіцелька магла пазбегнуць сутыкнення, калі б выконвала хуткасны рэжым і своечасова пачала тармазіць.
Сама жанчына сцвярджала, што педаль тормазу «правалілася», таму яна наўмысна накіравала пазадарожнік у аўтамабіль мужа, спрабуючы спыніцца.
Жыхарцы Слуцкага раёна прад'яўлена абвінавачанне па ч. 2 арт. 317 КК Беларусі. Ёй пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі. Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.