Лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру 2026 года стаў не Трамп
- 9.10.2026, 12:58
Узнагароду атрымала суддзя Міжнароднага суда ААН у Гаазе.
Лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру за 2026 год стала праваабаронца і юрыстка з ПАР, Вярхоўная камісарка ААН па правах чалавека ў 2008–2014 гадах і суддзя Міжнароднага суда ААН у Гаазе Наванэтхем (Наві) Пілэй. Пра гэтае рашэнне паведаміў у пятніцу, 9 кастрычніка, Нобелеўскі камітэт у Осла. Пілэй удастоілася ўзнагароды за «намаганні па прасоўванні міру і міжнароднага права», — заявіў старшыня нарвежскага Нобелеўскага камітэта Ёрген Ватнэ Фрыднэс, перадае «Нямецкая хваля».
Як адзначыў камітэт Нобелеўскай прэміі міру, прыхільнасць Пілэй агульначалавечым прававым прынцыпам і яе цвёрдыя маральныя перакананні «неадменна характарызуюць яе доўгую прафесійную дзейнасць». «Злучальная нітка праз усю яе кар’еру — ад ранніх гадоў, калі яна абараняла Нэльсана Мандэлу і іншых змагароў з апартэідам, да працы суддзёй падчас найважнейшых міжнародных судовых працэсаў сучаснасці — гэта нязменная адданасць справе абароны правоў чалавека», — гаворыцца ў рашэнні.
Адзначаецца, што Наві Пілэй дамагалася прыцягнення да адказнасці дзяржаў і іх лідараў, а таксама давала надзею ахвярам гвалту і канфліктаў. «На ўсіх займаных пасадах яна нязменна падкрэслівала абавязак як асобных людзей, так і дзяржаў выконваць прынцыпы вяршэнства права», — заявіў камітэт у Осла.
Былая Вярхоўная камісарка ААН па правах чалавека, цяпер — суддзя Міжнароднага суда ААН
Паводле слоў Ёргена Ватнэ Фрыднэса, Пілэй адыграла ключавую ролю ў забеспячэнні крымінальнага пераследу за ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасці і генацыд, а таксама «з выключнай адвагай і прынцыповасцю пракладала шлях да больш усебаковага сусветнага правапарадку».
У Осла таксама нагадалі, што Наві Пілэй «унесла значны ўклад у пашырэнне сферы дзеяння і ўплыву міжнароднага права». У розныя гады яна была суддзёй Вышэйшага суда ПАР, Міжнароднага крымінальнага трыбунала па Руандзе і Міжнароднага крымінальнага суда, а таксама Вярхоўнай камісаркай ААН па правах чалавека. Да нядаўняга часу Пілэй узначальвала Незалежную міжнародную камісію ААН па расследаванні сітуацыі на акупаванай палестынскай тэрыторыі.
У цяперашні час Наві Пілэй з’яўляецца суддзёй Міжнароднага суда ААН і разглядае справу ў дачыненні да ўладаў М’янмы, якіх абвінавачваюць у генацыдзе.
У спісе намінантаў значыліся 287 чалавек
Сёлета спіс намінантаў на Нобелеўскую прэмію міру складаўся з 287 чалавек, іх імёны трымаліся ў сакрэце. Паводле СМІ, сярод іх быў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, нягледзячы на распачатую ў канцы лютага вайну супраць Ірана.
Трамп неаднаразова заяўляў пра сваё жаданне атрымаць гэтую ўзнагароду і ў 2025 годзе назваў несправядлівым рашэнне камітэта Нобелеўскай прэміі міру. Лідарка венесуэльскай апазіцыі Марыя Карына Мачада, якая атрымала прэмію, пазней падарыла яму свой Нобелеўскі медаль.
Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру пяці мінулых гадоў
У 2025 годзе Нобелеўская прэмія міру была прысуджана венесуэльскай апазіцыйнай палітычнай дзеячцы Марыі Карыне Мачада, удастоенай узнагароды за «нястомную працу» ў абарону дэмакратычных правоў народа Венесуэлы. Камітэт адзначыў яе ўклад у барацьбу за дасягненне справядлівага і мірнага пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі.
Лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру за 2024 год стала асацыяцыя Nihon Hidankyo — Японскі савет арганізацый ахвяр атамных бомбардзіровак Хірасімы і Нагасакі, які змагаецца за ядзернае раззбраенне. У 2023 годзе Нобелеўская прэмія міру была прысуджана праваабаронцы з Ірана Наргес Махамадзі за «барацьбу супраць прыгнёту жанчын у Іране і прасоўванне правоў чалавека і свабоды для ўсіх».
У 2022 годзе гэтая ўзнагарода дасталася праваабаронцам з Расіі, Беларусі і Украіны: расійскаму праваабарончаму таварыству «Мемарыял», украінскай грамадскай арганізацыі Цэнтр грамадзянскіх свабод і заснавальніку беларускага праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесю Бяляцкаму.
Адзін з двух лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру ў 2021 годзе — галоўны рэдактар «Новая газета» Дзмітрый Муратаў. Разам з ім прэмію ўручылі філіпінскай журналістцы Марыі Рэсе. Муратаў і Рэса прадстаўлялі ўсіх журналістаў, якія змагаюцца за гэты ідэал «у свеце, дзе дэмакратыя і свабода прэсы сутыкаюцца з усё больш неспрыяльнымі ўмовамі», адзначаў камітэт. Муратаў стаў трэцім расіянінам, удастоеным Нобелеўскай прэміі міру. Да яго яе ўручалі фізіку і праваабаронцу Андрэю Сахараву і адзінаму прэзідэнту СССР Міхаілу Гарбачову.
Нобелеўская прэмія міру
Прэмію міру, згодна з запаветам Нобеля, прысуджаюць «асобе, якая дасягнула найбольшых поспехаў, альбо зрабіла больш за іншых у справе згуртавання народаў і скарачэння колькасці дзейных армій, а таксама за правядзенне мірных кангрэсаў і прыцягненне да іх увагі».
Упершыню Нобелеўская прэмія міру была ўручана ў 1901 годзе. Яе лаўрэатамі сталі заснавальнік Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, швейцарскі прадпрымальнік і грамадскі дзеяч Анры Дзюнан і заснавальнік пацыфісцкай арганізацыі «Ліга міру і свабоды», французскі палітычны дзеяч Фрэдэрык Пасі.