Усталявана імя яшчэ аднаго беларуса, якога звязваюць з дыверсіяй у аэрапорце Лейпцыга
- 9.10.2026, 14:10
Журналісты не выключаюць, што ў аперацыі ўдзельнічалі і іншыя выхадцы з Беларусі.
Беларускі грамадзянін Максім Лапуноў, які раней змяняў прозвішча і жыў па пашпарце на імя Максіма Каласава, мог быць датычны да няўдалай дыверсіі з дроном у аэрапорце Лейпцыга. Да такой высновы прыйшлі журналісты The Insider у сумесным расследаванні з Der Spiegel. Раней у сувязі з інцыдэнтам ужо называлі іншага беларуса, Андрэя Каршакова.
Паводле даных аўтараў, абодва маглі стаяць і за падпалам гіпермаркета Leroy Merlin у польскай Лодзі ў ліпені 2024 года, калі шкоду ацанілі прыблізна ў 45 тысяч еўра. Журналісты вызначылі мужчын па запісах камер, на якіх тыя здымалі наяўныя ў банкамаце ў Лодзі.
На антэне, якая ўзмацняла сігнал кіравання дроном у Лейпцыгу, следчыя знайшлі біялагічныя сляды Каршакова. Што да Лапунова, то, як сцвярджае The Insider, 19 ліпеня 2026 года ён вылецеў з Санкт-Пецярбурга ў Анкару, адтуль дабраўся да Бялграда. Суразмоўцы выдання ў праваахоўных органах адной з еўрапейскіх краін кажуць, што ў дні дыверсіі ён з высокай верагоднасцю быў у Германіі.
Спроба атакі прыпала на вечар 4 жніўня 2026 года. Дрон з выбухоўкай урэзаўся ў крыло ўкраінскага грузавога самалёта Ан-124 «Руслан», які стаяў у лейпцыгскім аэрапорце, але зарад не здэтанаваў, і апарат зваліўся на зямлю. Незадоўга да таго гэты самалёт дастаўляў праз Лейпцыг боепрыпасы з Францыі.
Арганізацыю аперацыі The Insider прыпісвае расійскаму ГРУ. Паводле версіі выдання, сярод каардынатараў быў палкоўнік Дзяніс Смалянінаў, які ўцягнуў у справу Алега Левушкіна. Дзякуючы латвійскаму грамадзянству той мог свабодна падарожнічаць па краінах ЕС.
Журналісты не выключаюць, што ў аперацыі ўдзельнічалі і іншыя выхадцы з Беларусі. Паводле іх слоў, згодна з данымі аб перасячэнні межаў, Каршакоў часта падарожнічаў з трыма знаёмымі, якія жывуць у Расіі: Раманам Кавалеўскім (стаіць на ўліку за разбой і рабаванне), Вячаславам Айсіным і былым міліцыянерам Дзянісам Шульганам. Якая іх роля ў лейпцыгскім эпізодзе, пакуль невядома, але, як адзначаюць аўтары, Айсін неаднаразова бываў у Германіі, у тым ліку ў Лейпцыгу.